Да ўборкі гатовы не ўсе

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці працягвае адсочваць ход падрыхтоўкі сельгасарганізацый рэгіёну да ўборкі ўраджаю 2016 года. Як паказалі вынікі кантролю, у асобных гаспадарках дапускаюцца парушэнні і недахопы ў арганізацыі такіх работ.

У вобласці не ў поўнай меры забяспечана належная падрыхтоўка матэрыяльна-тэхнічнай базы да палявых работ, не выканана даручэнне Урада аб падрыхтоўцы да 20 чэрвеня не менш за 95% парку збожжаўборачных машын. Па стане на 12 ліпеня тэхнічная гатоўнасць камбайнавага парку і збожжасушыльнай гаспадаркі (па відах машын) складала ад 83% да 94%.

Адставанне ад графікаў рамонту сельгастэхнікі і абсталявання ўстаноўлены ў большасці з правераных сельгасарганізацый.

Да прыкладу, у КСУП “Дземідовіцкі” Касцюковіцкага раёна 13 ліпеня з 6 збожжаўборачных камбайнаў быў падрыхтаваны толькі адзін, у ААТ “Горацкая райаграпрамтэхніка” па стане на14 ліпеня – 18 з 25, у КСУП “Аўсянка імя І.І. Мельніка” Горацкага раёна – 10 з 14.

У асобных сельгасарганізацыях выяўлена недастатковая гатоўнасць сушыльнай гаспадаркі. Да прыкладу, у ААТ “Горацкая райаграпрамтэхніка” з 6 зернесушыльных комплексаў былі падрыхтаваны 5. У КСУП “Дземідовіцкі” не выканана ачыстка ад рэшткаў перапрацоўкі леташняга ўраджаю тэхнічна спраўнага комплексу КЗСК-30.

У большасці з правераных сельгасарганізацый Круглянскага Касцюковіцкага, Горацкага і іншых раёнаў збожжаўборачныя камбайны і зернеачышчальна-сушыльныя комплексы не ў поўным аб’ёме абсталяваны сродкамі пажаратушэння (вогнетушыцелямі, запасам пяску, супрацьпажарнымі шчытамі).

Не ўсімі сельгасарганізацыямі падрыхтавана аўтатэхніка для перавозкі збожжа. Так, у КСУП “Аўсянка імя І.І. Мельніка” па стане на 14 ліпеня з 7 адзінак транспарту не былі падрыхтаваны да працы 3.

Для правядзення ўборачнай кампаніі ў рэгіёне назапашаны недастатковыя аб’ёмы гаруча-змазачных матэрыялаў, у большасці з правераных арганізацый іх мелася на 1-2 дня працы.

Пра выяўленыя недахопы ў аператыўным парадку былі праінфармаваны Магілёўскі аблвыканкам і адпаведныя райвыканкамы. Рашэнне праблемных пытанняў узята на кантроль.

Юрый ФРАЛОЎ,

першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *