Адданая дзецям

“Выхавальнікам, як і мастаком, трэба нарадзіцца,” – менавіта гэта выказванне Карла Вебера трапна характарызуе Святлану ХАЛЕЦКУЮ, якая працуе ў ДУА “Яслі-сад №5 г.п. Бялынічы”.

Дзяцінства Святланы Адамаўны прайшло ў Вішове. Насупраць яе дома знаходзіўся дзіцячы садок, у якім усё жыццё адпрацавала маці. Таму ў маленькай Святланы была дзіцячая мара – стаць выхавальнікам. Нягледзячы на тое, што маці была супраць выбару дачкі і ўсяляк адгаворвала, яна ўсё роўна ішла да пастаўленай мэты і пасля восьмага класа паступіла ў Магілёўскае вучылішча імя К.Д. Ушынскага.

hal

Выхаванню дашкалят Святлана Адамаўна прысвяціла ўжо дваццаць дзевяць гадоў свайго жыцця.

– Першы год па размеркаванні адпрацавала ў Слаўгарадскім раёне, затым адзін год у Круглым, а як толькі пабудавалі наш дзіцячы сад – адразу пераехала ў Бялынічы.

Святлана Халецкая выбрала нялёгкую прафесію – працаваць з дзецьмі. Усе яны індывідуальныя, ужо ў такім маленькім узросце кожны з іх – асоба. І, адпаведна, да кожнага трэба знайсці падыход:

– З такім досведам ведаю дзіцячыя звычкі, асаблівасці, разумею, хто на што здольны і з якога боку падысці да дзіця.

У дзіцячым садку, як прызнаецца Святлана Адамаўна, працоўны дзень праходзіць для яе вельмі хутка:

– З раніцы прымаю сваіх выхаванцаў. Магу і сама па дарозе забраць дзіця ў бацькоў і прывесці ў групу. Пасля ўсе робім зарадку. Затым – сняданак і заняткі. Каб развеяцца і адпачыць, пасля заняткаў дзеткі выходзяць на прагулку. Вярнуўшыся з вуліцы, яны абедаюць і спяць. Пасля ціхай гадзіны – падвячорак. Затым малыя гуляюць і чакаюць прыходу бацькоў. І так з дня ў дзень. Але ўсё роўна ўсе дзеці розныя і кожны раз падносяць нешта новае, цікавае.

Святлана Адамаўна прызнаецца, што хоць і працуе з дашкалятамі не адзін дзясятак гадоў, яна памятае ўсіх сваіх выхаванцаў. Многія з іх – гэта цяперашнія бацькі, якія прывялі да яе ўжо сваіх сыночкаў і дачушак.

Здаецца, што дзеці заўсёды аднолькавыя, але, па назіраннях Святланы Халецкай, раней працаваць было прасцей:

– Выхаванцы былі больш спакойныя і паводзілі сябе цішэй. Зараз яны больш разняволеныя і не такія замкнёныя. Гэта ўсё з-за новых тэхналогій: ідзе прагрэс, цацкі ўжо іншыя – тэлефоны, планшэты, камп’ютары. Часам сам не ўмееш карыстацца тым, чым яны з лёгкасцю авалодалі ў сваім узросце.

Пасля такога насычанага працоўнага дня Святлана Халецкая вяртаецца дадому, дзе яе чакае яшчэ адно дзіця – дачка. Цяпер Марыя ўжо дарослая, а вось у дзяцінстве, па словах маці, дзяўчынка трошкі абдзялялася ўвагай.

– Яна заўсёды казала, што я ўсё цацкі і кніжкі яе ў сад нашу і нашу, – усміхаецца Святлана Адамаўна. – Усё выхаванцам сваім, а ёй – нічога. Атрымлівалася так, што з “садаўскімі” дзецьмі праводзіла больш часу, і, натуральна, больш іх абдымала, шкадавала, а на сваю крывінку менш часу заставалася.

Але, тым не менш, Святлана Адамаўна любіць сваю справу і ўпэўненая, што ніколі не змагла б працаваць у іншай сферы, акрамя як з дзецьмі.

Загадчык ДУА “Яслі-сад №5 г.п. Бялынічы” Раіса АРЛОЎСКАЯ:

– Святлана Халецкая – пісьменны, актыўны і працавіты спецыяліст. Яна падтрымлівае добрыя адносіны як у калектыве, так і з бацькамі выхаванцаў, карыстаецца сярод іх аўтарытэтам. Калі старэйшае дзіця было ў яе ў групе, то, як правіла, бацькі просяць, каб і малодшыя дзеткі выхоўваліся ў яе. Гэта шмат пра што сведчыць. І наогул, Святлана Адамаўна стварае спакойную атмасферу ў групе, выхаванцы яе вельмі любяць. Калі яна адсутнічае, яны па ёй сумуюць, чакаюць. А гэта, напэўна, самае галоўнае для выхавальніка.

Марыя ШУТ,

студэнтка МДУ імя А.А. Куляшова.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *