Скардзіцца? Хіба толькі на сябе

Сённяшні ўдзельнік праекта па сацыяльнай адаптацыі інвалідаў у грамадстве “Мы – роўныя” 14-гадовы падлетак з аграгарадка Вішоў Кірыл МАГІЛЕЎЧЫК (на здымку). У хлопчыка дзіцячы цэрэбральны параліч 2-й ступені, але, нягледзячы на цяжкую хваробу, ён стараецца жыць паўнавартасным жыццём.

kiryl

Героямі гэтага праекта становяцца людзі, якія не па сваёй волі вымушаны былі перасесці ў інвалідныя вазкі. Яны могуць параўнаць сваё жыццё да… і пасля… У адрозненне ад іх Кірыл нарадзіўся інвалідам. Канчатковы дыягназ малому паставілі толькі ў два гады, калі ўстрывожаныя бацькі забілі трывогу, што дзіця ходзіць на дыбачках і робіць ненатуральныя рухі. Эпапея паходаў па бальніцах працягваецца і па сёння. Рэабілітацыя ў цэнтры для дзяцей-інвалідаў, а яшчэ спецыяльныя практыкаванні дома – усё гэта дае невялікае паляпшэнне. Аднак Кірыл у сваім юнацкім узросце добра разумее, што такім ён застанецца назаўсёды і штодзень будзе змагацца за кожны рух. Таму зараз хлопчык прыкладвае шмат намаганняў, каб прыстасавацца да свайго асаблівага стану.

У школе аднакласнікі дапамагаюць Кірылу апранацца, пераадольваць адлегласці. Ён забяспечаны дадатковым камплектам падручнікаў, бясплатным харчаваннем. Кірыл актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, інтэрнэтам, любіць што-небудзь майстраваць і з задавальненнем выконвае нескладаную працу дома. А вось да спачувальных позіркаў так і не прывык. Гэтае незразумелае шкадаванне выбівае яго з каляіны.

— Я нічым не адрозніваюся ад астатніх, — гаворыць падлетак. – Канечне, вельмі хочацца пабегаць, пакатацца на веласіпедзе. Мне і хадзіць цяжка, не тое што бегаць, але на гэта не скарджуся. Затое я маю любячую сям’ю і шмат сяброў. Ніхто не адмаўляе ў дапамозе.

Сапраўды, родныя і блізкія з’яўляюцца для Кірыла моцнай апорай. Урэшце, сын-інвалід – гэта не канец жыцця, а своеасаблівая прыступка, якую проста трэба перайсці.

— Не можам зразумець людзей, якія лічаць, што дзіця-інвалід — вялікі сорам для іх сям’і, — у адзін голас заяўляюць бацькі хлопчыка. – Мы ніколі не хавалі свайго сына ад чужых вачэй, наадварот, стараемся, каб ён быў максімальна сацыялізаваны, вучым яго абслугоўваць самаго сябе, не цурацца старонняй дапамогі. Спадзяемся, што гэта пазбавіць нашага хлопчыка ад шматлікіх цяжкасцей у будучым.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *