Кветкі павінны прыносіць радасць

Праязджаючы па аграгарадку Вішоў, складана не заўважыць сядзібу Антаніны ТАМАШЭВІЧ – рознакаляровыя расліны, высаджаныя перад яе домам, адразу кідаюцца ў вочы.

Нарадзілася Антаніна Трафімаўна ў вёсцы Васількі. Пасля заканчэння школы паехала вучыцца ва Украіну, у Луганск, дзе адпрацавала некалькі гадоў, выйшла замуж, нарадзіла дачку Алену. Каля пяцідзесяці гадоў таму назад іх сям’я пераехала ў Беларусь і пасялілася ў Вішове. Спачатку Антаніна Тамашэвіч шчыравала ў ААТ “ПМК-83 Вадбуд”, затым – токарам у СВК “Калгас “Радзіма”. Вось ужо васямнаццаць гадоў жанчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку і займаецца хатняй гаспадаркай.

На прысядзібных сотках яна вырошчвае некалькі гатункаў вінаграду, яблыні, кавуны і дыні. Антаніна Трафімаўна прызнаецца, што любіць агароднічаць і атрымлівае шчырае задавальненне ад багатага ўраджаю.

ant

А вось кветкаводствам займаецца ў асноўным дачка Алена. Любоў да гэтай справы перадалася ёй ад бабулі, маці Антаніны Трафімаўны, якая таксама вельмі любіла кветкі. Агульнымі намаганнямі кожны куточак іх падворка засаджаны разнастайнымі раслінамі. Адных толькі руж на ўчастку налічваецца каля дваццаці гатункаў.

– Купілі толькі па адной ружы кожнага віду, астатнія вырасцілі з чаранкоў, – распавялі маці і дачка. – Вялікага догляду кветкі не патрабуюць, у нас яны растуць самі па сабе. Таму з радасцю дзелімся імі з суседзямі і знаёмымі.

prud

Антаніна Трафімаўна расказвае, што ў Алены творчы склад характару. З дзяцінства яна вельмі прыгожа малюе. Пасля заканчэння школы адвучылася ў Бабруйскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным мастацкім каледжы і ў МДУ імя А. А. Куляшова. Цяпер працуе ў Магілёве, але, тым не менш, у госці да маці прыязджае даволі часта. Дызайн кветнікаў, а таксама праект невялікай сажалкі, па баках якой высаджана мноства розных кветак, Алена распрацавала самастойна. І сама ж увасобіла праект у рэальнасць. Дзякуючы такім залатым рукам, на ўчастку не пустуе ні адзін кавалачак зямлі – усюды красуюцца рознакаляровыя расліны, якія цешаць вока не толькі саміх гаспадароў, але і іх суседзяў і гасцей. Як лічыць Антаніна Трафімаўна, кветкі павінны прыносіць людзям радасць.

Марыя ШУТ,

студэнтка МДУ імя А.А. Куляшова.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *