Ва ўсіх гаспадарках Бялыніччыны на мінулым тыдні распачалося жніво азімых зерневых культур

Механізатары ААТ “Новая Друць” аднымі з першых прыступілі да выканання гэтай адказнай задачы. Надвор’е сёлета, як вядома, уносіць свае карэктывы ў правядзенне ўборачнай, аднак хлебаробы стараюцца задзейнічаць кожную сонечную гадзіну для таго, каб максімальна чыста і без страт адправіць на элеватар зерне новага ўраджаю. Усяго ў гаспадарцы задзейнічаны 11 адзінак зернеўборачнай тэхнікі. З улікам вялікіх пасяўных плошчаў, нагрузка на адзін камбайн немаленькая – 440 гектараў.

Зараз руплівыя працаўнікі з “Новай Друці” ўбіраюць азімую пшаніцу. Пад яе ў гаспадарцы адведзена 550 га. Сярэдняя ўраджайнасць складае 31 цэнтнер з гектара.

— З пачатку жніва на зернесушыльны комплекс у Вялікай Машчаніцы паступіла першая тысяча тон пшаніцы, — інфармуе карэспандэнта раённай газеты дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ. – Падсушанае да неабходнай кандыцыі зерне адправіцца на Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў ў рамках выканання дзяржзаказа.

На пшанічных палетках кіпела работа. Магутныя КЗС “Палессе”, як велізарныя караблі, плылі па залатым моры. Услед за імі падборшчыкі аператыўна згортвалі салому ў рулоны.

Плехаў

Камбайн пад кіраўніцтвам вопытнага механізатара Анатоля ІГНАТОВІЧА працуе 10-ты сезон. З пачатку жніва бягучага года ён намалаціў ужо больш за 300 тон зерня. Вадзіцель Дзмітрый ПЛЕХАЎ адвёз на зернесушыльны комплекс на замацаваным за ім аўтамабілі МАЗ 868,7 тоны пшаніцы.

— Камбайны выязджаюць у поле, як толькі ападае раса, і працуюць да позняга вечара,— гаворыць намеснік дырэктара таварыства па раслінаводстве Уладзімір НАПРЭЕНКА. – Хлебаробы нашай гаспадаркі павінны ўбраць 2000 гектараў толькі азімых культур. Яснае і цёплае надвор’е, якое ўсталявалася на гэтым тыдні, вялікая падмога жніву. Сёлетні ўраджай абяцае быць неблагім, таму пастараемся правесці ўборачную кампанію аператыўна і без страт.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *