Крок да нацыянальнага брэнда

Пітную і мінеральную ваду, а таксама безалкагольныя напоі з Цяхціна ведаюць не толькі ў нашым раёне. Кіраўніцтва ААТ “Новая Друць” заключае гандлёвыя пагадненні і з замежнымі партнёрамі.

друть

2000 бутэлек за гадзіну – такая прадукцыйнасць лініі цэха па разліве пітной і мінеральнай вады. Усяго на вытворчасці заняты восем чалавек, аднак яны выдатна спраўляюцца з вялікімі партыямі і прапаноўваюць кліентам шырокі асартымент вырабаў: толькі салодкіх безалкагольных напояў вырабляецца больш за 20 відаў.

— Мы забяспечваем пакупнікоў сапраўднай “жывой” вадой, — гаворыць начальнік цэха Андрэй ПІНЧУК. – Глыбіня свідравіны, з якой бярэцца мінералка, складае 232 метры. Чатыры ступені ачысткі пазбаўляюць яе ад шкодных прымесяў. Цэнтральнай лабараторыяй-філіялам РУП “Белгеалогія” пацверджана, што наша мінеральная вада з’яўляецца лячэбнай.

“Бураціна”, “Тархун”, “Барбарыс”, “Нова-кола”… На Цяхцінскім прадпрыемстве можна знайсці напой на любы густ. Нават і здзівіць могуць: у вытворчасці ёсць прадукт са смакам “Махіта”.

— Падчас пасяўной і жніва механізатары холдынгу “Агракамбінат “Мачулішчы”, структурным падраздзяленнем якога з’яўляецца ААТ “Новая Друць”, наталяюць смагу менавіта нашай вадой, — запэўнівае Андрэй Мікалаевіч. – На пасяджэннях аблвыканкама таксама можна ўбачыць бутэлькі з сімвалам “НД”. Дарэчы, цяпер у нас новыя, больш яркія этыкеткі.

Адміністрацыя таварыства і работнікі цэха пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых накірункаў збыту, аналізуюць спажывецкі попыт. Яны разумеюць, што нельга стаяць на адным месцы, трэба развівацца далей.

— ААТ “Новая Друць” – шматпрофільнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца не толькі на вырошчванні сельгаспрадукцыі, — адзначае дырэктар таварыства Анатоль ДРАЗДОЎ. – Нашу крыштальна чыстую пітную і мінеральную ваду, салодкія напоі з задавальненнем набываюць і за межамі Беларусі. Цяпер заключаюцца кантракты на пастаўкі яе ў Расію і Азербайджан. Мы і далей будзем пашыраць рынкі збыту, наладжваць сувязі, каб брэнд “Новая Друць” стаў нацыянальным.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *