Гуляць у лялькі… Толькі па-даросламу

Усе дзяўчынкі ў дзяцінстве любяць гуляць з лялькамі. Часта гэтае захапленне праходзіць праз усё жыццё, асабліва, калі ў жанчыны з’яўляюцца свае дзеці. Але ж, ну скажыце, несамавіта самадастатковай дарослай жанчыне займацца дзіцячымі забаўлянкамі? Наадварот, зараз гэта вельмі модна!

У адным фільме пабачыла цікавую карцінку: дзяўчынка прыціскае да сябе падарунак – прыгожую ляльку з вялікімі, як у зайца, вушамі. Сюжэт фільма за даўнасцю часу забыўся, а вось вобраз, напоўнены цеплынёй і пяшчотай, застаўся. Так я пазнаёмілася з лялькай Цільдай. Гэтую незвычайную істоту з тэкстыля стварыла нарвежская мастачка Тоне ФІНАНГЕР у 1999 годзе. Ёй спадабаліся кавалкі тканіны ў магазіне для рукадзелля. Зараз лялькі ў стылі Цільды распачалі сваё трыўмфальнае шэсце па свеце. Модны павеў зазірнуў і ў Бялынічы. Мясцовая рукадзельніца Ірына СПАДАБАЕВА стварае лялькі-Цільды не горш за славутых дызайнераў.

Ирина

— Захапленне перадалося ад знаёмай, — распавядае Ірына. – Я прыводзіла сваю дачушку Варвару на заняткі ва ўзорны вакальны ансамбль “Акварэлькі” і там пазнаёмілася з жанчынай, якая паказала мне незвычайныя цацкі, зробленыя сваімі рукамі. Мне вельмі захацелася паспрабаваць рабіць так, як яна. Азарт не прайшоў і па сёння. Усяго пашыла недзе каля 40 лялек. Мае паненкі знайшлі сваіх гаспадароў у розных куточках нашай краіны, а некаторыя нават у Маскве.

Зараз Ірына шые дызайнерскія лялькі, падобныя да Цільд. Іх называюць Снежкамі. Увогуле, як расказвае майстрыха, лялечнае хобі каштуе нятанна. Трэба набыць тканіну, якая пойдзе на выраб, напаўняльнік, пашыць адзенне. Абутак, валасы і некаторыя аксесуары Ірына заказвае праз спецыялізаваныя інтэрнэт-крамы. У лялькі ўсё павінна быць, як у сапраўднага чалавека, толькі невялікіх памераў. Канешне, усе гэтыя маніпуляцыі адбіваюцца на выніковым кошце лялькі, але рукадзельніца не ставіць перад сабой мэту зарабляць на захапленні грошы. Самае галоўнае – даставіць эстэтычнае задавальненне. Каб максімальна дакладна скапіраваць вобраз чалавека на ляльку, трэба пасядзець не дзень і не два, дый пра асаблівы мастацкі густ не трэба забывацца. І выключнае працалюбства. У Ірыны Спадабаевай усе гэтыя якасці прысутнічаюць у поўным камплекце. Цяга да творчасці нарадзілася ў далёкім дзяцінстве, калі наведвала ўрокі мастачкі Ларысы ЖУРАВОВІЧ. Зараз на стварэнне прыгожага натхняе лес. Прычым, у любое надвор’е і пару год.

Матчына хобі падзяляюць і дзве дачушкі. Пакуль малодшая Параскева толькі захапляецца прыгожымі работамі, старэйшая Варвара выконвае нескладаныя аперацыі, дапамагае падбіраць аксесуары для будучых лялек. Аднак поўнасцю ўцягваць дачок у рабочы працэс Ірына не спяшаецца.

Тільда-заяц

— Галоўнае, каб гэты занятак ім падабаўся, — усміхаецца рукадзельніца. – Яны абедзьве – творчыя натуры. Вельмі любяць спяваць і танцаваць. Прыйдзе час і стануць маімі памочніцамі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з інтэрнэта.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *