Не хочаш ездзіць па правілах – плаці!

У сувязі з тым, што ў нашай краіне павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі ў жніўні і верасні перайшлі на ўзмоцнены рэжым нясення службы. У выхадныя і перадвыхадныя дні яны патрулююць аўтадарогі раёна з мэтай недапушчэння вадзіцелямі парушэнняў ПДР. У адзін з такіх рэйдаў з вартавымі парадку адправілася карэспандэнт раённай газеты.

сталі

На календары субота, а на гадзінніку палова на пятую вечара. Сонейка шчыра пасылае на зямлю цёплыя промні, нібыта не зважае на тое, што восень пакрысе ўступае ў свае правы. Людзі спяшаюцца на лецішчы, да сваякоў. Рэдка хто з кіроўцаў аўтамабіляў звяртае ўвагу на паказанні прыбораў. І дарэмна. Няўважлівае кіраванне ўласным транспартам можа прывесці да вельмі непрыемных наступстваў.

— Паступіў сігнал, што на ўчастку дарогі Ермалавічы – Навасёлкі вадзіцелі парушаюць хуткасны рэжым, — уводзіць у курс справы в.а. начальніка ДАІ Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ.

Патрульная машына ДАІ выязджае ў вёску Ізобішча. Інспектар ДПС Яўген СТАРАВОЙТАЎ настройвае радар на вызначаны парог хуткасці.

— Вы таксама будзеце “страляць” па парушальніках? – жартаўліва паказвае рукой на рэдакцыйны фотаапарат.

— Канечне, — усміхаюся. – Б’е ў цэль без асечкі!

На дарозе раптам паказаўся аўтамабіль і адразу ж спрацаваў радар. Міліцыянер жэзлам прымусіў вадзіцеля спыніцца.

— Чаму парушаеце хуткасны рэжым? – звярнуўся ён да жанчыны, якая сядзела за рулём. Тая няпэўна паціснула плячыма. Патрульны папрасіў вадзіцельскае пасведчанне. Яго ў наяўнасці таксама не аказалася. Пра рэмень бяспекі, які патрэбна зашпільваць штораз, як сесці ў машыну, жанчына таксама забылася. Аднак муж і трое маленькіх дзяцей, якія былі ў аўтамабілі, аказаліся прышпіленымі, а ў малых, да таго ж, былі спецыяльныя дзіцячыя сядзенні.

На забыўлівую жанчыну былі складзены ажно тры адміністрацыйныя пратаколы: па арт. 18.12 КаАП РБ, арт. 18.12 п. 4 і 18.13. Сямейны бюджэт яе сям’і “пахудзее” на 42 рублі.

Наступная машына, якая патрапіла ў прыцэл радара і фотаапарата, — ізноў парушальнік.

— Колькі езджу, першы раз бачу, каб тут супрацоўнікі ДАІ былі, — спрабуе пажартаваць вадзіцель. Аднак жарты заканчваюцца, калі патрульны называе зробленыя парушэнні ПДР: непрышпілены рэмень бяспекі і парушэнне хуткаснага рэжыму. На кіроўцу складзены 2 адміністрацыйныя пратаколы.

За гадзіну супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі праверылі восем машын, лік складзеных пратаколаў вырас да сямі.

— За дзень – 17 выяўленых парушэнняў ПДР, — гаворыць Яўген Старавойтаў. — Самыя распаўсюджаныя з іх: перавышэнне хуткаснага рэжыму, непрышпіленыя рамяні бяспекі і не пройдзены транспартнымі сродкамі тэхагляд.

На ўсіх аўтамашынах, якія спынялі супрацоўнікі ДАІ, гарэла бліжняе святло. Значыць, кіроўцы прытрымліваюцца прызначаных рэкамендацый. Але, хіба, толькі знешне. Калі ж справа даходзіць да ўласнага аўтамабіля і асабістай бяспекі, то некаторыя яшчэ і абураюцца – знайшлі, маўляў, парушэнне! Аднак, як паказвае практыка, дарога не церпіць неахайнасці. Невыкананне ПДР цягне за сабой не толькі матэрыяльныя страты. У першую чаргу ад нядбайных вадзіцеляў церпяць астатнія ўдзельнікі дарожнага руху, у тым ліку дзеці. Таму ўсе парушальнікі прыцягваюцца да строгай адказнасці.

Па інфармацыі в.а. начальніка ДАІ Аляксандра Емяльянава за апошнія 2 тыдні на вадзіцеляў былі складзены 226 адміністрацыйных пратаколаў. З іх 4 чалавекі былі затрыманы за кіраванне аўтатранспартам у нецвярозым стане. 1 п’яны вадзіцель карыстаўся службовым транспартам. 19 аўтааматараў былі прыцягнуты да адказнасці за няўключанае бліжняе святло фар у рамках акцыі “Увага, дзеці”.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *