Акруговыя выбарчыя камісіі Магілёўскай вобласці акрэдытавалі больш за тры тысячы наглядальнікаў за працэсам выбараў

Акруговыя выбарчыя камісіі Магілёўскай вобласці акрэдытавалі больш за тры тысячы наглядальнікаў за працэсам выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Па інфармацыі абласной выбарчай камісіі, асаблівы інтарэс да працы выбаркамаў праяўляюць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія вылучылі крыху больш як 2,5 тысячы наглядальнікаў. Самымі актыўнымі сталі такія грамадскія аб’яднанні, як БРСМ (накіравала 713 чалавек), ветэранскае (491), РГА “Белая Русь” (443) і шэраг іншых. У лік наглядальнікаў уключаны 121 грамадзянін, якія вылучыліся шляхам падачы адпаведнай заявы. 342 наглядальнікаў накіравалі працоўныя калектывы і 105 – палітычныя партыі.

“Выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праходзіць ва ўмовах галоснасці і празрыстасці, — заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. — Кіраўнік дзяржавы задаволены тым, што выбары праходзяць пры такім шырокім назіранні. У выбарчых камісіях акрэдытавана больш як 35 тысяч нацыянальных наглядальнікаў, у Цэнтральнай камісіі – больш за 800 міжнародных наглядальнікаў, і мы чакаем амаль 1 тысячу міжнародных наглядальнікаў. Усё гэта сведчыць аб тым, што выбары праходзяць ва ўмовах галоснасці, празрыстасці”.

Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што Расія, напрыклад, запрасіла на выбары амаль 400 наглядальнікаў ад АБСЕ. Такую ж колькасць чакаюць і ў Беларусі.

“Гэта сведчыць аб тым, што шчыльнасць міжнароднага назірання ў Беларусі будзе намнога вышэйшая, чым у Расіі, не гаворачы ўжо аб ЗША, якія таксама ў гэтым годзе праводзяць вельмі важную выбарчую кампанію па выбарах Прэзідэнта Злучаных Штатаў, — адзначыла яна. — Таму мы можам гаварыць аб тым, што наша краіна прытрымліваецца важнейшых міжнародных стандартаў, накіраваных на забеспячэнне назірання за выбарамі, на дэмакратычнасць працэдуры галасавання і, зразумела, адкрытасці і справядлівасці падліку галасоў выбаршчыкаў”.

Нагадаем, што да першага дня датэрміновага галасавання ў электаральнай гонцы засталіся 488 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Першапачаткова рэгістрацыю прайшоў 521 кандыдат у дэпутаты, пазней яшчэ чацвёра абскардзілі свой кандыдацкі статус: трое былі зарэгістраваны па рашэннях судоў і яшчэ адзін – па рашэнні абласной камісіі.

У выпадку зняцця кандыдатуры патэнцыяльнага дэпутата з электаральнай гонкі ў перыяд датэрміновага галасавання змяненні ў бюлетэнь для галасавання ўносяцца рукапісным спосабам. Насупраць прозвішча такога кандыдата ў бюлетэні ўчастковая камісія павінна напісаць слова «выбыў».

“У нас кандыдат у дэпутаты наогул не абмежаваны часам. Ён можа зняць сваю кандыдатуру і напярэдадні 11 верасня, і ў дзень выбараў”, — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання адбудуцца заўтра, 11 верасня. Датэрміновае галасаванне завершыцца сёння ў 19 гадзін.

Падрыхтаваў Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *