Усё жыццё поруч з кнігай

“Маці сваім прыкладам прывіла мне любоў да бібліятэкарскай справы. Сястра да апошняга свайго дня не выпускала кнігу з рук…”

Больш за 35 гадоў бібліятэкар Машчаніцкай сельскай бібліятэкі Таццяна САЛАЎЁВА верная сваёй прафесіі. Але ж нітка лёсу снавала так, што на пэўны перыяд жанчыне прыходзілася мяняць сферу прафесійнай дзейнасці.

sol1

— Давялося і ў сельскагаспадарчай галіне папрацаваць – была статыстам у тадышнім саўгасе “Каліноўскі”, — гаворыць Таццяна Ягораўна. — Я нават атрымала спецыяльнасць швачкі ў вучылішчы бытавога абслугоўвання насельніцтва № 44 (зараз гэта Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж). Калі збіралася на пенсію, думала: усё, не вярнуся ў бібліятэку. А вось праз пяць гадоў зноў раблю ў ёй! Запрасілі на час дэкрэтнага водпуску нашу бібліятэкаршу падмяніць.

Таццяна Ягораўна – прадстаўніца працоўнай дынастыі. Маці, Ксенія Іванаўна ХМЯЛЬКОВА, усё жыццё аддала бібліятэцы. І сястра Ніна таксама.

— Напэўна, любоў да чытання ў нашай сям’і закладзена на генным узроўні, — разважае жанчына. — З дзяцінства маімі лепшымі сябрамі былі кнігі. Часта ўспамінаецца такая гісторыя: аднойчы згубіла бібліятэчную кнігу. Дык потым дзесьці з год не хадзіла ў чытальню! Так сорамна было!

Пакуль Таццяна Ягораўна ўзгадвае цікавыя моманты свайго мінулага, каля стэлажа з дэтэктывамі нешта ўважліва вывучае мужчына ў акулярах.

— Сёння вось гэта вазьму, — кладзе на стол стосік кніг пенсіянер Міхаіл ГАЛАЎНЁЎ. — У асноўным баўлю свой вольны час за чытаннем. Столькі займальнага можна знайсці ў кнігах! Асабліва люблю тэксты на гістарычныя тэмы: днямі вывучаў новыя звесткі пра Бялыніччыну.

— А для мяне ўсе тэмы цікавыя, не магу пэўную з іх выдзеліць, — дадае Таццяна Салаўёва. — Нядаўна нам паступіла кніга пра дасягненні беларускіх алімпійцаў. На адным дыханні прачытала. Прыемна трымаць у руках выданне, якое прыцягвае не толькі зместам, але і прыгожай вокладкай. Трэба знаёміцца з творамі разнастайнай накіраванасці, бо гэта дазваляе рознабакова развівацца.

Акрамя літаратуры, жанчына захапляецца маляваннем, удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці.

— Пастаянна наведваю сельскі клуб, дапамагаю работнікам яго рыхтавацца да святаў, дый яны мне таксама ідэі для мерапрыемстваў падаюць, — прызнаецца Таццяна Ягораўна. — Творчы калектыў установы стаў для мяне сапраўднай сям’ёй.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email
task .

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *