З клопатам пра здароўе людзей

Асартымент цэнтральнай раённай аптэкі №41 налічвае 3 752 найменні. З 2 420 лекавых сродкаў 959 — айчыннай вытворчасці. Карэспандэнт “Зары над Друццю” пагутарыла з загадчыкам установы Аленай КАВАЛЁВАЙ пра тонкасці працы самага буйнога фармацэўтычнага аб’екта Бялыніччыны.

— У раёне функцыянуюць 8 аптэк, 3 з якіх размешчаны ў сельскай мясцовасці. Іх матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна паляпшаецца. У рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі і развіцця аграгарадкоў другое жыццё атрымалі сельскія фармацэўтычныя ўстановы. Адміністрацыя і працаўнікі цэнтральнай раённай аптэкі праводзяць значную арганізацыйна-метадычную работу: кантралююць своечасовую дастаўку медыцынскіх тавараў са склада, забяспечваюць лекамі іншыя аб’екты аптэчнай сеткі, прымаюць ад іх заяўкі на неабходнае абсталяванне.

— Як адчувае сябе калектыў у новым будынку?

— Наваселле адзначылі 2 лютага. Паўстагоддзя ЦРА праіснавала ў будынку па вуліцы Абаронная, а вось ужо дзявяты месяц мы працуем на Энгельса. У аптэцы створаны ўсе умовы для камфортнай дзейнасці фармацэўтаў: прасторныя памяшканні для захоўвання медыкаментаў, светлыя і ўтульныя пакоі для персаналу. І калектыў, і наведвальнікі высока ацанілі новы двухпавярховы будынак.

— Па знешнім і ўнутраным выглядзе аптэка ніколькі не саступае прыватным і дзяржаўным фармацэўтычным аб’ектам буйных гарадоў, як Магілёў і нават Мінск. А па асартыменце?

— У нас даволі шырокі выбар – 3 752 адзінкі, у тым ліку 2 420 — лекавыя сродкі і 1 117 — спадарожныя тавары. Таксама мы займаемся вытворчасцю экстэмпаральных прэпаратаў. Гэта лекі, якія фармацэўты ствараюць непасрэдна ў аптэцы па рэцэпце ўрача для канкрэтнага пацыента. Вырабляем і нарыхтоўкі для лячэння сезонных захворванняў.

an

— Напэўна, у штаце ёсць прафесіяналы сваёй справы.

— Вядома. У кожнай установе аптэчнай сеткі раёна шчыруюць вопытныя фармацэўты. Амаль 50 гадоў у фармацэўтычнай галіне працуе загадчык Галоўчынскай аптэкі Людміла Іосіфаўна КАВАЛЁВА. З 1972 года кіруе аптэкай у Вішове Любоў Сямёнаўна КАЛІНАВА. Нельга не ўспомніць і нашых ветэранаў. Паўстагоддзя прысвяціла фармацыі былая работніца ЦРА Галіна Пятроўна АЎРАМАВА. Яны перадалі свой каштоўны вопыт не аднаму пакаленню фармацэўтаў, служаць выдатным прыкладам для іх.

— Днямі змяняецца графік працы адной з аптэк…

— Так, з 5 лістапада аптэка на Абароннай будзе адчынена і ў нядзелю. Усё гэта мы робім для зручнасці жыхароў раёна. Многім людзям, асабліва пенсіянерам, цяжка дабірацца з аднаго канца Бялыніч у другі, каб набыць неабходныя медыкаменты.

hjkh

Гутарыла Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *