Над зямлёй Вішоўскай гучаў кірмаш “Пакроўскі”

Працаўнікі СВК “Калгас “Радзіма” ўмеюць і добра працаваць, і цікава адпачываць.

Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць праўленне сельгаскааператыва і работнікі мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу, якія арганізуюць для працаўнікоў гаспадаркі і ўсіх жыхароў Вішоўскай зямлі цудоўныя святы. Адно з іх, “Пакроўскі кірмаш”, адбылося 14 кастрычніка ў летнім амфітэатры аграгарадка. Да слова сказаць, адзначэнне Пакроваў абяцае стаць традыцыйным, як і Дня ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла, і свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Мерапрыемства ўвасобіла асаблівы сімбіёз народных і праваслаўных традыцый, а таксама ўтрымлівала ўшанаванні з нагоды Дня маці, святкаванне якога ў нашай краіне набірае ўсё большую папулярнасць.

З раніцы ў Петрапаўлаўскай царкве адбылося ўрачыстае набажэнства. Праваслаўныя вернікі ўшанавалі Пакроў Божай Маці і памаліліся за ўсіх жанчын-матуль. А пасля на вуліцы Школьная разгарнуліся гандлёвыя рады, дзе можна было набыць мяса, агародніну і садавіну, зерне, сувеніры і розныя прысмакі. Нягледзячы на халоднае надвор’е, людзей на свята завітала шмат. Работнікі Вішоўскага СЦКіВЧ пазнаёмілі гледачоў з народнымі традыцыямі сапраўднага кірмашу, арганізавалі вясёлыя гульні і забавы. А прызы за актыўны ўдзел у іх былі не зусім звычайныя. У жартоўных спаборніцтвах разыгрываліся мяшкі з зернем, маленькія бычкі і жарабяты, якіх прадаставіў спонсар свята – праўленне СВК “Калгас “Радзіма”. Не забыліся арганізатары мерапрыемства і на жанчын-маці. Дзесяць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія самі, або іх мужы і дзеці, працуюць у гаспадарцы, годна выхоўваюць сыноў і дачушак, атрымалі віншаванні, падарункі і кветкі. Сярод іх Марыя КАНЦАВАЯ, Алена КАЛАКУСТАВА, Святлана КАЛАКУСТАВА, Галіна ПАПКОВА, Раіса ЗАЙЦАВА…

kosh kirm drov dojka

Для гледачоў выступалі лепшыя самадзейныя калектывы раёна: “Славяне”, “Бялыніцкія музыкі”, “Вабічанскія ўзоры”, дуэты Пятра КУДРАЎЦА і Таццяны ДАЎГАЛЁВАЙ, Леаніда ДЗЕРАВЯШКІНА і Валерыя МАКАРАНКІ… Таксама на “Пакроўскі кірмаш” завіталі госці з Мінска – вакальна-інструментальны ансамбль “Чараўніцы”, які падарыў вяскоўцам шмат прыемных хвілін.

muzyki

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *