11 кастрычніка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, легендарнага камандзіра 121-га партызанскага палка Асмана КАСАЕВА

Вайна спыніла жыццё бясстрашнага воіна ў 28.

У гонар юбілейнай даты ў Цяхцінскім вучэбна-педагагічным комплексе прайшла ўрачыстая лінейка. З вялікай цікавасцю і ветлівасцю навучэнцы і педкалектыў сустрэлі землякоў героя, прадстаўнікоў тэлебачання Карачаева-Чаркескай рэспублікі. У форме завочнай экскурсіі яны зноў прайшліся па старонках жыцця Асмана Мусаевіча і ўсклалі кветкі каля бюста партызана на першым паверсе школы. Карачаеўцы выказалі словы падзякі ўсяму беларускаму народу і мясцовым жыхарам, у прыватнасці, за тое, што тут свята шануюць памяць іх земляка.

Пасля лінейкі госці наведалі помнік Асману Касаеву каля вёскі Вугольшчына, усклалі кветкі і ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчання, прайшліся ляснымі партызанскімі сцежкамі і агледзелі адрэстаўраваныя партызанскія зямлянкі. Землякі героя адзначылі тое, з якой павагай сённяшняе пакаленне ставіцца да свайго мінулага.

Вёска Асман-Касаева таксама спадабалася гасцям. Прыбраныя двары, вакол — залацісты восеньскі лес. Тут карачаеўцы сустрэліся з 82-гадовай Валянцінай ВЫНЬКОВАЙ, пагутарылі з ёй пра Асмана Мусаевіча. Жанчына памятае камандзіра высокім статным мужчынам з цёмнымі, як смала, валасамі і пышнымі вусамі. Партызаны часта бывалі ў вёсцы, мясцовыя жыхары стараліся ім дапамагчы ўсім, чым маглі: ежай, адзеннем. Асман часта прыязджаў да яе бацькі на кані, рамантаваў хамуты, сёдлы, іншую вупраж. Камандзіра атрада ў вёсцы ўсе паважалі, расказвалі пра яго подзвігі адзін аднаму.

Напрыканцы госці заехалі ў вёску Вугольшчына на магілу Фёклы НАВУМОВІЧ, якая за кароткі час знаходжання Асмана Касаева на Бялыніччыне стала яму другой маці. Яна клапацілася аб ім, як аб родным сыне, і ён адказваў ёй тым жа. Асман Мусаевіч падарыў Фёкле свой партрэт, які яна берагла да канца сваіх дзён. Горцы ўсклалі кветкі каля магілы і ўзялі з сабой крыху зямлі, каб адвезці на радзіму Героя.

На развітанне карачаеўцы ўручылі дырэктару комплекса Аляксандру МАМЧАНКУ падзячны ліст за беражлівыя адносіны і захаванне памяці Героя Савецкага Саюза, слаўнага сына карачаеўскага народа Асмана Касаева, а таксама падарылі школьнаму музею піалу ручной работы і карціну з пейзажам аула, дзе нарадзіўся горац.

osm

Гэта сустрэча не прайшла бясследна ні для навучэнцаў, ні для гасцей. Берагчы мінулае, клапаціцца пра помнікі, ганарыцца гісторыяй малой радзімы – гэта значыць быць патрыётам сваёй краіны. Памятаць, шанаваць і ганарыцца!

Лілія ШАКУРА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры Цяхцінскага ВПК ДС СШ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *