Сёлета свой 50-гадовы юбілей адзначае Бялыніцкі прафесійны ліцэй №17, які быў утвораны ў кастрычніку 1966 года.

50 гадоў – немалы шлях, калі лічыць з пункту гледжання чалавечага ўзросту. Гэта своеасаблівая сталасць, напрацаваны вопыт, жыццёвая мудрасць. Тое ж самае можна сказаць пра навучальную ўстанову, са сцен якой за паўстагоддзя выйшла нямала механізатараў, будаўнікоў, жывёлаводаў…

korol

Да першых заняткаў у тадышнім сельскім ПТВ №40 меліярацыйных работ былі прыстасаваны толькі 5 вучэбных кабінетаў, меліся 2 калёсныя трактары, 2 аўтамабілі і зернеўборачны камбайн “Колас”. З наглядных дапаможнікаў выкарыстоўваліся ў асноўным плакаты. Заняткі вялі 7 выкладчыкаў і 8 майстроў вытворчага навучання.

У 1972 годзе былі пабудаваны новы вучэбны корпус і інтэрнат, а з 1973-га ўстанова пачала даваць сваім навучэнцам сярэднюю адукацыю.

Для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў была створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная і вытворчая база, поўнасцю ўкамплектаваны кабінеты па агульнаадукацыйных прадметах, аўтамабільнай, трактарнай і слясарнай справе.

Пашырыўся спектр прафесій, якія атрымлівалі навучэнцы. Акрамя сельскагаспадарчых і будаўнічых спецыяльнасцей, маладыя людзі набывалі прафесіі фатографа, кінамеханіка, а пазней і аператара ЭВМ.

Вялікая ўвага заўсёды надавалася арганізацыі вольнага часу моладзі. Пры вучылішчы быў створаны аркестр духавых інструментаў. Кіраваў ім спачатку майстар вытворчага навучання Сяргей БАРКОЎ, а потым настаўнік фізічнага выхавання Аркадзь РЖЭУЦКІ. Аркестр неаднаразова станавіўся лаўрэатам абласных конкурсаў духавой музыкі, а ў 1982 годзе атрымаў перамогу ў рэспубліканскім конкурсе духавых аркестраў сярод прафесійна-тэхнічных вучылішчаў.

Таксама дзейнічалі каля 10-ці спартыўных секцый: па вольнай і класічнай барацьбе, футболе, валейболе, цяжкай і лёгкай атлетыцы. Навучэнцы заваёўвалі высокія ўзнагароды ў раённых і абласных спаборніцтвах.

У свой час ліцэем кіравалі Рыгор БАЖКОЎ, Васіль ШЧЭРБАЎ, Іван ПАДАЛЯК, Аляксандр ЯЎСЕЕЎ, Аляксандр ГАНЧУК, Мікалай ВАРАБ’ЁЎ, Аляксандр КАЛІНКІН, Аляксандр ПЕКУР…

Многія з выкладчыкаў з`яўляюцца выпускнікамі гэтай навучальнай установы. Напрыклад, Міхаіл КАБАНАЎ атрымаў тут прафесію трактарыста, пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума вярнуўся ў роднае вучылішча, працаваў майстрам вытворчага навучання. Жонка і муж Аляксандра і Мікалай МАЛІЁНКІ, Клаўдзія і Іван ЮХНАЎЦЫ, Тамара і Уладзімір ТАЖУНЫ, Наталля і Пётр КУНЦЭВІЧЫ аддалі шмат гадоў справе навучання і падрыхтоўкі маладых працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны. Віталь ЯСКЕВІЧ займаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце, а яго жонка, Тамара Яскевіч, працавала выкладчыкам. Зараз справу дзядулі працягвае ўнук, Дзяніс СУРГАНАЎ, таксама былы навучэнец ліцэя.

Свой працоўны шлях звязалі з ліцэем Пётр ГАРБУЗАЎ, Людміла КАПЫЛОВА, Людміла КОЗЫРАВА, Ірына КАЗІМІРСКАЯ. Амаль усе яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але працягваюць працаваць, перадаюць свой вопыт і веды маладому пакаленню.

paxary master arkestr

Сёння прафесійны ліцэй №17 рыхтуе будучых працаўнікоў для гаспадарак Бялыніччыны і прылеглых раёнаў. Маладыя людзі атрымліваюць прафесіі слесараў, трактарыстаў, аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і ферм, вадзіцеляў катэгорыі “С”. На платнай аснове ліцэй ажыццяўляе падрыхтоўку вадзіцеляў катэгорыі “В”. Некалькі год запар сярод навучэнцаў ПЛ №17 праходзяць спраборніцтвы па вадзіцельскім майстэрстве. Таксама з ліцэістаў ствараюцца будаўнічыя атрады, якія працуюць у гаспадарках раёна. Сёлета 4 такія атрады шчыравалі ў СВК “Калгас “Радзіма” на будаўніцтве фермы па адкорме БРЖ. З гэтай гаспадаркай ліцэй заключыў дамовы на падрыхтоўку будучых работнікаў сельгаспрадпрыемства. Кожны год ліцэісты праходзяць вытворчае навучанне ў рэсурсным цэнтры Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага.

Сёння ў ліцэі атрымліваюць адукацыю 48 чалавек. Для вытворчага навучання маецца аўтадром і трактарадром, 10 грузавых (з іх 4 вучэбныя) і 7 легкавых (5 — вучэбныя) аўтамабіляў, 15 трактароў, 2 зернеўборачныя камбайны і 39 сельскагаспадарчых агрэгатаў. Вытворчую практыку навучэнцы праходзяць на прадпрыемствах і ў сельскагаспадарчых арганізацыях Бялыніцкага, Бярэзінскага, Круглянскага, Мінскага раёнаў і горада Мінска.

Набыты за пяцьдзясят гадоў вучэбны і працоўны вопыт дазваляе прывіць моладзі не толькі прафесійныя навыкі, але і падрыхтаваць паўнавартасных членаў грамадства.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота з архіва ПЛ №17.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *