Грошы, вінтоўка і пяць качаноў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 10 па 16 кастрычніка на грамадзян былі складзены 22 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку 14 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 2 – за прычыненне пабояў і 3 – за лжывы выклік. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 3 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 77 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 1 нецвярозы кіроўца.

Замыкацца трэба. Гаспадыня з аграгарадка Свяцілавічы паскардзілася міліцыянерам, што нехта скраў з яе дома 500 беларускіх рублёў. І чаму жанчына пакінула сваё жыллё незачыненым?

Мілыя лаюцца… Жыхар вёскі Малы Трылесін, добра прыняўшы на грудзі, вырашыў крыху разнастаіць сямейнае жыццё і зладзіў сваёй жонцы скандал. Мужчына атрымаў удзячнасць у выглядзе адміністрацыйнага пратакола.

Вярні капусту! 5 качаноў капусты скрала ўначы з прысядзібнага ўчастка ў Галоўчыне мясцовая жыхарка. На выкрадальніцу чужога ўраджаю быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Няякасны тавар. Жанчына з вёскі Лебядзянка атрымала па пошце манетніцу. Аднак доўгачаканая пакупка не адпавядала заяўленым патрабаванням. Па дадзеным факце супрацоўнікі РАУС праводзяць праверку.

Вінтоўка. Магіляўчанін патэлефанаваў на 102 і паведаміў, што ў яго дачным доме ў аграгарадку Галоўчын невядомы ўзламаў аконную раму і скраў пнеўматычную вінтоўку. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

За што? У Эсьмонах мужчыну ва ўласным доме збіў аднавясковец. На задзіру быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *