Адна справа – пабудаваць дарогу, другая – дагледзець яе…

 

З гэтымі і іншымі задачамі паспяхова спраўляюцца работнікі Бялыніцкага ДЭУ №74 РУП “Магілёўаўтадар”.

Не адкрыю ніякага сакрэту ў тым, што сетка аўтамабільных дарог у Беларусі не толькі самая шчыльная з усіх краін былога Савецкага Саюза, але і самая добраўпарадкаваная. Госці і турысты, якія да нас прыязджаюць, адзначаюць прыгажосць, бяспеку, зручнасць як вялікіх аўтамагістраляў, так і дарог мясцовага значэння.

Аднак падтрыманне аўташляхоў у належным стане і догляд за прылягаючай тэрыторыяй патрабуе шмат затрат. Ямачны рамонт, падсыпка абочын, абкос травы і выдаленне хмызняку, апрацоўка пакрыцця пясчана-солевай сумессю… Гэтыя работы і шмат чаго іншага ўваходзіць у працоўныя абавязкі работнікаў ДЭУ №74. Усяго арганізацыя абслугоўвае 296 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння на тэрыторыі Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў, у тым ліку ўчастак дарогі 1 катэгорыі М4 Мінск-Магілёў.

Для паспяховай работы дарожнікаў створаны ўсе належныя ўмовы. Летам гэтага года былі ўведзены ў эксплуатацыю новы адміністрацыйны будынак і аўтабаза. Тэхнічны парк арганізацыі налічвае 97 адзінак рознай спецтэхнікі, сярод якой 6 аўтамабіляў МАЗ для апрацоўкі дарог зімой з двума снегаачышчальнымі адваламі, а 4 з іх — на базе сучасных грузавікоў МАЗ-MAN з фінскім абсталяваннем.

У мінулым годзе на баланс ДЭУ-74 паступілі дзве адзінкі цяжкай тэхнікі — пагрузчык і грэйдар.

Актыўна ўкараняюць бялыніцкія дарожнікі і новыя тэхналогіі. Асабліва гэта датычыцца аднаўлення эксплуатацыйных характарыстык дарожнага пакрыцця, заладкі расколін і ямак. Сёлета гэтыя работы пачалі выконвацца з прымяненнем тэхналогіі “Слары Сіл” — спецыяльнай эмульсійна-мінеральнай сумесі, якая значна павялічвае тэрмін службы звычайнага асфальту, а затраты на яе ўкладку аказваюцца ў тры разы ніжэйшыя за аналагічную з гарачага асфальтабетону. У ліпені бягучага года спецыялісты ДЭУ №74 па такой тэхналогіі зрабілі рамонт на ўчастку аўтадарогі Шклоў-Бялынічы. Дарэчы, пляцоўка па вырабе пластоў “Слары Сіл” знаходзіцца на базе арганізацыі. Таксама там для патрэб усёй Магілёўскай вобласці вырабляюцца аргана-мінеральныя сумесі (САМС), якімі ў зімовы перыяд апрацоўваюць дарогі для падтрымання іх у належным стане.

Нельга пакінуць без увагі працаўнікоў арганізацыі, якія ў любое надвор’е адказна выконваюць свае абавязкі.

— У нас дружны і зладжаны калектыў, — з цеплынёй гаворыць аб сваіх работніках начальнік ДЭУ-74 Андрэй КОЛАСАЎ.

— Каб выдзеліць каго-небудзь асабліва, трэба прачытаць спіс усіх супрацоўнікаў з пачатку і да канца. Намеснік начальніка Віктар ЛЕМЕШАЎ узнагароджаны знакам “Ганаровы дарожнік” І ступені, а дыспетчар Станіслаў БАНДЭЛІКАЎ і галоўны механік Міхаіл ШЧАЦІНКА — знакамі ІІ ступені. Яшчэ адзін заслужаны дарожнік Яўген АРАХОЎСКІ выйшаў на пенсію, але працягвае працаваць. Ёсць у нашай арганізацыі і працоўная дынастыя: разам з Мікалаем КАНДРАЦЬЕВЫМ шчыруе яго жонка Наталля, брат Генадзь і пляменнік Дзмітрый.

Зараз у дарожнікаў напружаны час падрыхтоўкі да зімы. Першы снег прайшоў як своеасаблівы экзамен, які работнікі арганізацыі паспяхова вытрымалі. Аднак, на календары — позняя восень, і ад надвор’я можна чакаць любых капрызаў. Дарожныя рабочыя ўстанаўліваюць сігнальныя вехі, развозяць па вызначаных пунктах пясчана-солевую сумесь, а таксама працягваюць рамонтныя работы па рэканструкцыі моста праз раку Друць.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

dsc_0011 dsc_0053

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *