Карэспандэнт “Зары над Друццю” адправілася на службу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях

Чарговы артыкул творчага праекта прысвечаны вельмі адказнай і мужнай справе – прафесіі выратавальніка. Карэспандэнт “Зары над Друццю” адправілася на службу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і правяла адзін дзень побач з сапраўднымі мужчынамі.

Летам мне давялося назіраць на ўласныя вочы, як хутка супрацоўнікі РАНС рэагуюць на вызаў. Стаяў сонечны жнівеньскі дзень. Выратавальнікі спакойна наводзілі парадак на тэрыторыі часці. Раптам раздаўся сігнал трывогі і яны, кінуўшы ўсё, паімчаліся ў гараж. Не прайшло і хвіліны, як з-за высокіх варот паказаліся вялізныя сіне-чырвоныя машыны з мігалкамі. Аддзяленні ў поўнай гатоўнасці адправіліся на ліквідацыю пажару. А цяпер у мяне з’явілася выдатная магчымасць пазнаёміцца з працай утаймавальнікаў агню знутры!

Калі заступала на дзяжурства, вельмі хвалявалася. Думала, ці хопіць мне сіл, бо я ж не валодаю такой падрыхтоўкай і навыкамі, як баец МНС. Аднак супрацоўнікі райаддзела падтрымлівалі мяне, дапамагалі спраўляцца з новымі прафесійнымі абавязкамі.

Стаць выратавальнікам не так і проста. Трэба мець не толькі выдатнае здароўе, але і моцную псіхіку – часам мужчыны ў баёўках бачаць жудасныя карціны… І пры гэтым яны захоўваюць спакой, хутка і зладжана спраўляюцца з любой бядой.

У дзяжурнай змены распісаны ўвесь дзень. На гадзінніку 8 раніцы, а вогнеборцы пастроіліся на развод. Праходзіць змена варты. Тыя, хто заступаюць, прымаюць тэхніку і правяраюць пажарна-тэхнічнае ўзбраенне. Начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ ацэньвае падрыхтаванасць саставу да нясення службы, расказвае аб пажарнай сітуацыі. Вось так пачынаюцца працоўныя суткі.

mchs1

За апошнія гады МНС зрабіла значны крок наперад у тэхнічным абсталяванні сваіх падраздзяленняў. Бялыніцкі РАНС, як і іншыя часці краіны, мае поўны набор інструментаў для аказання дапамогі ў разнастайных надзвычайных сітуацыях. Кожны спецаўтамабіль прадубляваны ў рэзерве, так што нічога не перашкодзіць аддзяленням выехаць на месца здарэння ў поўнай баявой гатоўнасці.

Маё знаёмства з выратавальнымі прыладамі перапыніў сігнал трывогі. Нягледзячы на тое, што гэта толькі вучэбны выклік, састаў павінен дзейнічаць як у рэальнай сітуацыі. Ужо ў машыне начальнік каравула Васіль МЯДЗВЕДЗЕЎ тлумачыць мне, што сёння тактыка-спецыяльныя заняткі пройдуць на базе ЦРБ. Нашы галоўныя задачы — дакладна вывучыць пажарна-тэхнічную характарыстыку будынка, праверыць стан вогнетушыцеляў і пажарных кранаў, адкарэкціраваць планы эвакуацыі.

bolnica

Крыху нязвыкла хутка рухацца ў экіпіроўцы ўтаймавальніка агню, але я стараюся не адставаць ад новых калег. Дарэчы, баявое адзенне даволі трывалае і вырабляецца з тэрмастойкіх матэрыялаў. Яно абараняе ад высокай тэмпературы, цеплавых патокаў вялікай інтэнсіўнасці, дазваляе працяглы час працаваць у экстрэмальных умовах.

Таксама нязвыкла было персаналу і пацыентам ЦРБ – па бальніцы ходзяць супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, дый яшчэ я ў баёўцы. Здзіўленыя позіркі і адзінае пытанне: “Цяпер і дзяўчаты тушаць пажары?”

Не паспелі вярнуцца ў часць пасля тактыка-спецыяльных заняткаў, як трэба займацца адпрацоўкай іншых элементаў. Падчас імправізаванага пажару сапраўдныя вогнеборцы далі мне адказнае заданне – падключыць і падаць ствол першай дапамогі. Потым ліквідаваць загаранне пры дапамозе пажарнага лафета, які ўсталяваны на даху спецаўтамабіля.

ruk kr voda

Выліла амаль усю пяцітонную цыстэрну вады? Паспрабуй яе сама зноў напоўніць, бо нельга ставіць у гараж пустую машыну. Расход аднаго толькі ствала першай дапамогі складае 3,5 літры ў секунду, а лафет “б’е” напорам пабольш – 28 л/с.

lestnica tush vas

Пасля абеду, на які адводзіцца гадзіна, накіроўваемся здаваць прафесійныя нарматывы. Напрыклад, толькі 15 секунд даецца, каб апрануць баявое адзенне. Вязка выратавальнай пятлі, разгортванне рукавоў і ўстаноўка іншага абсталявання таксама выконваюцца на час, бо ў рэальнай надзвычайнай сітуацыі кожнае імгненне дорага каштуе.

Маё дзяжурства ў якасці выратавальніка праляцела хутка і без здарэнняў. Правёўшы дзень у кампаніі супрацоўнікаў МНС, я ў чарговы раз пераканалася, што нашы жыцці ў надзейных руках!

P.S. Асаблівая падзяка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла начальніку РАНС Віталю Воранаву, выратавальнікам 2-й змены, начальніку каравула Васілю Мядзведзеву.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Свае прапановы, адносна таго, якую наступную прафесію выбраць журналісту, дасылайце на наш электронны адрас drut@tut.by з паметкай “Праект”.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *