Больш увагі на дарозе

Пачатак лістапада выдаўся па-сапраўднаму зімнім. І калі для адных першы снег – гэта радасць, то, напрыклад, для вадзіцеляў – своеасаблівы іспыт, які не заўсёды і не ўсім удаецца прайсці на выдатна. У сераду – дзень, які прынёс у тым ліку і ў наш рэгіён моцныя ападкі і вятры, разам з інспектарам АДАІ РАУС Міхаілам ФІЛЬЧАНКАМ на дарогі раёна выехала і карэспандэнт раёнкі.

Да слова, пакуль інспектар  выяўляў парушэнні, аўтар гэтых радкоў звяртала ўвагу на паводзіны кіроўцаў, іх свядомасць і ўзаемаветлівасць. У тым ліку, як яны абазначаюць сваё аўто ва ўмовах слабай бачнасці. Так, з 10 аўтамабіляў бліжняе святло ці габарыты былі ўключаны толькі ў 6. Як вадзіцель, лічу гэты паказчык дрэнным. Першым і галоўным пытаннем тут павінна быць не нейкая выдуманая эканомія паліва ці рэсурсаў аўтамабіля, а бяспека, якая напрамую і залежыць ад атрымання візуальнай інфармацыі ўсімі ўдзельнікамі дарожнага руху. Гэта датычыцца і кіравання аўтамабілем у прыцемках. Няўжо нельга зрабіць транспартны сродак больш прыкметным?

Аднак, трэба адзначыць, што за выключэннем невыкарыстання некаторымі вадзіцелямі святла, на ўсіх участках дарог, дзе давялося пабываць, хуткасны рэжым у небяспечнае надвор’е ўсе яны вытрымлівалі. Затое тэхагляд свайго транспартнага сродку многія не прайшлі. Вось жыхар аг. Цяхцін апраўдваецца, што даўно не ездзіў нікуды на сваім аўто, а сёння знаёмы папрасіў адвезці ў райцэнтр… Бялынічанін запэўнівае, што якраз днямі збіраўся наведаць станцыю тэхабслугоўвання. Жыхар Вялікай Машчаніцы таксама спаслаўся на адсутнасць часу, але вось заўтра…

Усяго падчас рэйду за адсутнасць допуску ТС да ўдзелу ў дарожным руху  аштрафаваны 3 кіроўцы, адзін вадзіцель не прышпіліўся рамянём бяспекі. Яшчэ адзін пратакол быў складзены на пешахода, які ў прыцемках рухаўся па праезнай частцы ў стане алкагольнага ап`янення і без святлоадбівальных элементаў.

Падводзячы вынікі рэйду, Міхаіл Фільчанка агучыў некалькі агульных рэкамендацый для вадзіцеляў і пешаходаў, якімі трэба кіравацца ў зімовы перыяд.

img_7481

Першая і галоўная – выкарыстанне зімовых шын. Тым вадзіцелям, хто дагэтуль, як кажуць, не “пераабуў” сваё аўто, неабходна неадкладна гэта зрабіць. Эканомія на сезоннай замене шын можа прывесці да непрыемных наступстваў. Акрамя таго, за невыкарыстанне іх з 1 снежня па 1 сакавіка прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу. Не трэба забывацца таксама аб наяўнасці марозаўстойлівай вадкасці для мыйкі шкла і спраўнасці светатэхнікі. Больш уважлівыя павінны быць і пешаходы. Нават пераходзячы дарогу па пешаходным пераходзе,   улічваць павелічэнне тармазнога шляху аўтамабіля і выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы.

Як паведамілі ў АДАІ РАУС, сярод парушэнняў, якія прадаўжаюць пераважаць на дарогах раёна, а ўсяго за 10 месяцаў іх зафіксавана  4288, застаюцца перавышэнне хуткаснага рэжыму — 1102 выпадкі, 771 чалавек не прайшоў тэхагляд свайго транспартнага сродку, 345 вадзіцеляў пакараны за невыкарыстанне рамяня бяспекі. Акрамя таго, з пачатку года затрыманы 47 нецвярозых кіроўцаў. На пешаходаў складзены 480 адміністрацыйных пратаколаў.

Тэкст і фота

Вольгі НАБОКАВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *