Знаёмцеся – “Экспромт”!

У Год культуры асаблівая ўвага надаецца творчасці ва ўсіх яе праявах. І, канечне, людзям з творчай жылкай, якія дораць столькі прыемных хвілін, ствараюць для нас свята.

Безумоўна, падчас правядзення розных маштабных мерапрыемстваў бялыніцкім гледачам асабліва запомніліся выступлені ансамбля акардэаністак “Экспромт”. Папулярныя хіты і народныя найгрышы нікога не пакінулі раўнадушнымі. Яшчэ адзін цікавы момант: складаным (і цяжкім!) інструментам віртуозна валодаюць тры маладыя дзяўчыны. Карэспандэнт раённай газеты сустрэлася са стваральніцай і кіраўніком гэтага калектыву, педагогам па класе акардэона дзіцячай школы мастацтваў Ларысай ХАРТАНОВІЧ.

arkestr larysa

— Як у вас узнікла ідэя папулярызаваць такі, скажам, не жаночы інструмент, як акардэон?

— У нас дома ўсе любяць музыку, і музычныя інструменты набылі статус паўнапраўных членаў сям’і. Тата іграе на гармоніку, мама выдатна спявае, я і дзве сястры – акардэаністкі. Прычым, музычную школу скончылі толькі старэйшая Алена і я. Сястра за руку прывяла мяне аднойчы ў клас да педагога Святланы ФІЯЛКОЎСКАЙ. Ёй вельмі спадабалася, што такая малеча “на слых” навучылася іграць на акардэоне. Пасля школы паступіла ў Магілёўскі каледж мастацтваў і вярнулася на працу ў родныя сцены. З 2012 года пачаў дзейнічаць ансамбль акардэаністак “Экспромт” з ліку педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.

— Раскажыце пра астатніх удзельніц.

— Акрамя мяне ў склад ансамбля ўваходзяць Вікторыя АЛЯКСАНДРАВА і Іна ШТРУБА. Яны з’яўляюцца выпускніцамі Запольскага філіяла ДШМ па класе акардэона. Пасля заканчэння каледжа мастацтваў у Магілёве таксама вярнуліся працаваць на Бялыніччыну. Дзяўчыны вельмі здольныя і, галоўнае, ім падабаецца тое, чым мы займаемся, таму ніякіх разыходжанняў, асабліва ў творчасці, не ўзнікае.

— Дзе вы ўжо пабывалі з выступленнямі?

— Пакуль толькі ўдзельнічалі ў раённых мерапрыемствах: на святкаванні 9 мая, Дня Незалежнасці, на “Дажынках” у аграгарадку Свяцілавічы, канцэртах у школе мастацтваў і РЦК.

Нягледзячы на адносна кароткі час існавання ансамбля, маем вялікі рэпертуар – каля 20 кампазіцый. Гэта сведчыць аб значнай падрыхтоўчай рабоце, бо трэба запісаць фанаграмы, апрацаваць кампазіцыі, так бы мовіць, “падагнаць” іх пад сябе, вывучыць…

— Вашы дочкі таксама цікавяцца музыкай?

— А як жа! Старэйшая Даша вучыцца ігры на акардэоне, малодшай Надзеі падабаюцца ўрокі фартэпіяна. І абедзьве спяваюць ва ўзорным вакальным ансамблі “Акварэлькі”. На сямейных святах мы ствараем сапраўдныя канцэрты!

— Падумваеце аб тым, каб стварыць сямейны ансамбль?

— А чаму б і не! Са старэйшай дачкой мы ўжо неаднаразова выступалі разам.

Гутарыла Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *