Былому праваахоўніку вынесены прысуд

Вось і пастаўлена кропка ў рэзананснай справе былога праваахоўніка. Падчас следства высветлілася, што ўраджэнец Магілёва, які працяглы час займаў высокую міліцэйскую пасаду ў Бялынічах, падмануў знаёмых і банкі амаль на паўмільярда недэнамінаваных беларускіх рублёў.

Гісторыю пра тое, як Віктар (усе імёны змененыя) “здабываў” сабе грошы, ведаюць і за межамі раёна. Мужчына прыдумаў злачынную схему, якая дазваляла браць у банках крэдыты і потым іх не вяртаць. Заставалася толькі знайсці ахвяр падману…

— Абвінавачаны неаднаразова звяртаўся да сяброў і знаёмых з просьбай узяць для яго крэдыт, тлумачачы гэта тым, што з-за службовага становішча ён не можа аформіць пазыку на сваё імя, — гаворыць дзяржабвінаваўца Наталля НІКАЛАЕНКА.    — Мужчына гарантаваў ім своечасовае вяртанне сумы ў банк, выплату ўсіх працэнтаў. І поўны пакет неабходных дакументаў абяцаў самастойна сабраць.

Людзі пагаджаліся, бо лічылі Віктара сваім сябрам, дый яго высокая пасада была для іх гарантам. Адметна, што ніхто з “добраахвотнікаў” не засумняваўся ў законнасці справы нават тады, калі знаёмая махляра Таццяна штампавала для іх падробныя даведкі аб месцы працы і даходах.

— Ад злачынных дзеянняў падсуднага пацярпелі пяць банкаў, — адзначае Наталля Міхайлаўна. — Вядома, іх прадстаўнікі патрабуюць кампенсацыі шкоды, якая складае звыш 2 500 базавых велічынь.

Аднак сярод пацярпелых ёсць не толькі фінансавыя ўстановы. Віктар паспеў узяць у доўг грошы і ў простых грамадзян — 500 долараў у Анастасіі і 2 000 долараў у Канстанціна.

Справа махінатара займае 13 тамоў і праходзіць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: ч.ч. 5 і 6 арт. 16, ч. 1 арт. 427 (падбухторванне і дапамога ў занясенні службовай і іншай упаўнаважанай асобай заведама лжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, у складанні і выдачы заведама фальшывых дакументаў), ч.ч. 2 і 4 арт. 209 (завалоданне маёмасцю шляхам злоўжывання даверам і падману (махлярства), зробленае ў асабліва буйным памеры паўторна). За ліпавыя даведкі Таццяна прыцягнута да крымінальнай адказнасці па    ч. 1 арт. 427 КК РБ (падробка дакументаў).

Улічваючы ўсе абставіны, дзяржабвінаваўца Міхаіл АНДРОСЕНКА прапанаваў пакаранне для Віктара ў выглядзе пазбаўлення волі на                  8 гадоў з утрыманнем ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, а для Таццяны — штраф у 1 000 б.в. (21 000 дэнамінаваных беларускіх рублёў).

— Яшчэ падчас следства Віктар прызнаваў сваю віну толькі часткова, — дадае Наталля Нікалаенка. — Ён казаў, што браў у доўг грошы ў людзей, а вось з банкамі ніякіх спраў не меў.

На апошнім пасяджэнні ў чацвер суд агучыў свой вердыкт: махляру — 4 гады пазбаўлення волі з утрыманнем ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, а яго сяброўцы — штраф у 1 000 базавых.

Пры вынясенні пакарання ўлічвалася тое, што грамадзяне атрымалі свае 500 і 2 000 долараў. Прысуд   уступіць у сілу праз 10 дзён, калі не будзе абскарджаны ці апратэставаны.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *