Сыры па сучасных тэхналогіях

Бялыніцкі цэх па вытворчасці цвёрдых сыроў ААТ “Бабуліна крынка” з’яўляецца найсучаснейшым прадпрыемствам харчовай прамысловасці, дзе ўжо на працягу дзесяці гадоў дзейнічае інавацыйная тэхналогія па вытворчасці цвёрдых сыроў.

У калектыве, які многа гадоў паспяхова ўзначальвае Тамара ГАЛЁТА, працуюць толькі лепшыя спецыялісты і рабочыя цэха, выдатна спалучаецца вопыт ветэранаў вытворчасці і энергія, веды маладых працаўнікоў.

Тэхналагічны працэс поўнасцю аўтаматызаваны і разлічаны на сутачную вытворчасць лініі да 20 тон сыру і 1,5 тоны масла.Сёлета за дзесяць месяцаў у цэху перапрацавана 44136 тон малочнай сыравіны, з якой атрымана 3807 тон сыроў і 490 – масла. Тут жа адбываецца і першы этап перапрацоўкі сыроваткі – яе канцэнтраванне.

lys

Сучасны рынак пастаянна дыктуе свае патрабаванні да якасці малочных прадуктаў, іх асартыменту, знешняга выгляду. Спажыўцы жадаюць бачыць на сваім стале прадукт самай высокай якасці ў спалучэнні з прымальнай цаной. Таму факт пастаўкі на экспарт практычна ўсяго аб’ёму вырабленых у Бялынічах сыроў сведчыць пра тое, што яны не саступаюць па ўсіх параметрах лепшым сусветным аналагам.

Пра высокае майстэрства бялыніцкіх сыравараў сведчыць таксама тое, што іх сыры неаднаразова атрымлівалі перамогі на розных прэстыжных міжнародных конкурсах-дэгустацыях і аграпрамысловых выставах, як “WordFoodMoskow”, “Залатая Восень” (абедзве – Расія) і інш.

– Усяго выпускаем больш за 30 відаў сыроў, – адзначае намеснік начальніка цэха па вытворчасці Галіна НІЗАЎЦОВА. – Дваццаць відаў пастаянна знаходзяцца ў камеры выспявання. І пры гэтым наш асартымент штогод пашыраецца. Да прыкладу, сёлета на рынак выпушчаны тры новыя віды сыру –“Манастыр Тупічэўскі”, “Замак манахаў” і “Фрысбург”. Калі два першыя адносяцца да марак традыцыйных сыроў расійскай групы, то апошні з’яўляецца сапраўднай навінкай і мае відавочныя адрозненні і асаблівасці. Малюнак структуры сыру “Фрысбург” складаецца з буйных, да двух сантыметраў, “вочак” круглай і авальнай формы, ён мае натуральны светла-крэмавы колер і пікантны салодка-арэхавы смак з адценнямі смаку казінага малака.

І гэтыя навінкі бялыніцкіх сыраробаў ужо паспелі ацаніць сапраўдныя сырныя гурманы.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *