Парламентарыі наведалі Бялыніччыну

З прадпрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці Магілёўшчыны знаёміліся на гэтым тыдні члены Камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь. З рабочым візітам яны завіталі і ў наш раён.

Падчас наведання цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка” з поўным цыклам вытворчасці прадукцыі парламентарыяў пазнаёміла дырэктар Тамара ГАЛЁТА. Дэпутатаў цікавілі пытанні аб’ёму вытворчасці цэха, а гэта 20 тон сыру і паўтары тоны сметанковага масла за суткі, тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны, асноўныя паказчыкі сыравінных зон, якасць і асартымент прадукцыі.

Асаблівая ўвага была звернута на сучаснае абсталяванне, устаноўленае ў цэху па перапрацоўцы малака. Уведзенае ў эксплуатацыю 10 год таму, яно і сёння з’яўляецца адным з перадавых.

img_8123

Акрамя таго, дэпутаты адзначылі высокі ўзровень добраўпарадкавання тэрыторыі цэха. А ў тым, што нашы сыры сапраўды маюць выдатныя смакавыя якасці, яны змаглі ўпэўніцца на арганізаванай выставе-дэгустацыі.

Падводзячы вынікі візіту, член Камісіі і пакуль дзеючы гендырэктар ААТ “Бабуліна крынка” – упраўляючая кампанія холдынгу “Магілёўская малочная кампанія “Бабуліна крынка” Ігар КАНАНЧУК адзначыў, што, нягледзячы на курсавыя ваганні і эканамічныя складанасці, Бялыніцкі цэх – адно з нямногіх прадпрыемстваў холдынгу, якое ва ўсе часы працавала са станоўчай рэнтабельнасцю.

Парламентарыі падзякавалі Тамары Галёце і Ігару Кананчуку за стварэнне і працу эканамічна стабільнага прадпрыемства з прафесійным калектывам, які стварае станоўчы імідж не толькі раёна і вобласці, але і нашай краіны.

Затым для дэпутатаў была праведзена экскурсія па райцэнтры, падчас якой яны даведаліся аб гісторыі і развіцці Бялыніцкай зямлі.

Візіт парламентарыяў на Бялыніччыну завяршыла наведанне фарэлевай гаспадаркі ў аграгарадку Вішоў, дзе яны пазнаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання высокакаштоўных відаў рыбы.

Структура Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі налічвае 14 пастаянных камісій. У склад Камісіі па аграрнай палітыцы ўваходзяць 6 дэпутатаў, якія займаюцца пытаннямі аграрнай палітыкі, развіцця інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў, заканадаўства аб сельскай гаспадарцы, нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі, а таксама ахове і выкарыстанні земляў.

Вольга НАБОКАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *