А патрэбна так мала…

Слова інвалід вельмі цяжкае і непрыемнае. Слова-прысуд. На жаль, у нашым грамадстве яшчэ не навучыліся правільна адносіцца да людзей з інваліднасцю. Хоць “асаблівыя” людзі і не патрабуюць многа. Галоўнае для іх – разуменне і невялікая дапамога.

Герой аповеда, жыхар вёскі Вялікі Кудзін Сяргей ШЭКУНОЎ, вельмі хваляваўся перад сустрэчай з карэспандэнтам раёнкі. Пра што будзе пытацца ў яго незнаёмая жанчына?

Літаральна днямі паклалі ў бальніцу старэнькую маці, самага дарагога для яго чалавека, таму мужчына выглядаў крыху разгублена.

Сяргей Леанідавіч – інвалід з дзяцінства. Калі быў яшчэ немаўляткам, медсястра не правільна зрабіла яму прышчэпку ад воспы. Чамусьці вырашыла, што большая доза сродку будзе больш эфектыўнай. Аднак рука ў хлопчыка стала моцна балець, а з цягам часу перастала дзейнічаць зусім. Звярнуліся па медыцынскую дапамогу, але дактары не змаглі даць рады іх бядзе. Так Сяргей застаўся дома з бацькамі.

У той час яны жылі на Мсціслаўшчыне, а калі таты не стала, старэйшая сястра Тамара, якая шмат гадоў таму размеркавалася на працу ў Малы Кудзін, перавезла маці і брата бліжэй да сябе.

Жыць з інваліднасцю нялёгка, прызнаецца Сяргей Шэкуноў. На тое, што звычайны чалавек зробіць за лічаныя хвіліны, яму патрэбна ўдвая, а то і ўтрая больш часу. Раней усю хатнюю працу мог рабіць сам, а цяпер, з узростам, прыходзіцца звяртацца да старонняй дапамогі. Некалькі гадоў іх з маці абслугоўвае сацыяльны работнік Ігар САПУНОЎ. Прыносіць ваду, дровы, спраўляецца з прысядзібным участкам ці яшчэ што зробіць па гаспадарцы. Сяргей Леанідавіч і яго маці Вольга Стафанаўна вельмі задаволены сваім апекуном.

Многія людзі з інваліднасцю жывуць у вялікіх гарадах і вельмі пакутуюць ад адзіноты. А як тут, у маленькай вёсцы?

За будзённымі клопатамі Сяргею Леанідавічу сумаваць некалі, а як ёсць свабодны час, то паглядзіць тэлевізар ці пачытае газету. Расказвае, што раёнку выпісваюць з маці даўно і з задавальненнем чытаюць яе. Вось і зараз будзе чакаць пра сябе заметку.

Увогуле, калі прыгледзіцца бліжэй да сціплага ладу жыцця гэтай маленькай сям’і, становіцца зразумела, як мала патрэбна чалавеку для шчасця. Невялікая дапамога, крыху ўвагі з боку іншых людзей, і — усё. Яны не скардзяцца на свой лёс, нікога не абвінавачваюць і нікому не зайздросцяць. Навошта? Жыццё рана ці позна ўсё размяркоўвае па сваіх месцах.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *