Днямі ў РЦК прайшоў гала-канцэрт аматарскіх тэатральных калектываў сельскіх клубных фарміраванняў

Днямі ў РЦК прайшоў гала-канцэрт аматарскіх тэатральных калектываў сельскіх клубных фарміраванняў, які праводзіцца ў рамках штогадовага агляду-конкурсу “Бялыніцкая тэатральная восень”.

Па традыцыі, большасць рэжысёраў звярнулася да класічных твораў. Цікавую знаходку прапанавалі артысты Ланькаўскага СЦКіВЧ. Рэжысёр-сцэнарыст Святлана КАМЛЁВА прадаставіла на суд гледачоў спектакль “Абулі ў лапці” па матывах гумарэсак нашага пісьменніка-земляка Міколы ПАДАБЕДА. Ланькаўцы змаглі заваяваць глядацкія сімпатыі не толькі мясцовых тэатралаў, але і бялынічан. Самадзейны тэатральны калектыў атрымаў Дыплом І ступені аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. ІІ месца па выніках агляду-конкурсу заваяваў аматарскі калектыў Вішоўскага СЦКіВЧ за пастаноўку п’есы Я. Купалы “Прымакі”. Яго пастаянная ўдзельніца Людміла ШУТ узнагароджана дыпломам за лепшую жаночую ролю. У тэатральнага калектыву Цяхцінскага СДК у скарбонцы апынуліся дзве ўзнагароды: трэцяе месца ў агульным заліку і за лепшую мужчынскую ролю, якую атрымаў Мікалай РАБЧУК. Самай артыстычнай сярод дзяцей прызнана Вікторыя АКУНЁВА, удзельніца тэатральнага калектыву Свяцілавіцкага СЦК, а пастаноўка з яе ўдзелам “Добрая казка” таксама адзначана Дыпломам ІІІ ступені.

Увогуле, кожны спектакль, прадстаўлены падчас гала-канцэрта, запомніўся гледачам тонкім гумарам, цікавымі вобразамі. Людзі рознага ўзросту і дзеці, кожны з іх знайшоў для сябе нешта асаблівае і запамінальнае. І самі ўдзельнікі аматарскіх пастановак атрымалі эстэтычнае задавальненне. Словам, магія тэатра дакранулася да ўсіх, аб’яднала любоўю да мастацтва і творчасці.

prymaki adolf teremok pervoe

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *