Ведаць пра іх усё. І нават больш…

Мы, здаецца, дастаткова ведаем аб “асаблівых” людзях, якія жывуць побач з намі. Як усе астатнія, яны могуць шчыра любіць, сябраваць, цікавіцца новым, знаёміцца, радавацца, спадзявацца…

Горш бывае тады, калі мы, такія разумныя, хаваем вочы, калі заўважаем на вуліцы дзіця ў інвалідным вазку або хлопчыка ці дзяўчынку з яўнымі прыкметамі псіхічнай ці фізічнай адсталасці. А ці часта задумваемся, як адчуваюць сябе яны, калі бачаць наш страх і няўпэўненасць?

zanyatki

Сацыяльная інтэграцыя дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі псіхафізічнага развіцця з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Бялыніцкага ЦКРНіР.

— Зараз шмат гавораць пра інклюзіўную адукацыю, — распавядае дырэктар цэнтра Інэса УСАВА. — Гэты тэрмін апісвае працэс навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў агульнаадукацыйных школах побач са здаровымі дзецьмі. У аснове такой адукацыі закладзены роўныя адносіны да ўсіх навучэнцаў, незалежна ад асаблівасцей іх развіцця, ствараюцца неабходныя ўмовы для тых, хто мае дадатковыя адукацыйныя патрабаванні. Аднак, важна ведаць, што да сацыялізацыі “асаблівых” дзяцей і падыход павінен быць асаблівым. У падобных сітуацыях першачаргова трэба кіравацца правілам: “не нашкодзь”.

Педагогамі карэкцыйнага цэнтра наладжаны цесныя сувязі з цэнтральнай бібліятэкай, СШ №1 імя М.І. Пашкоўскага, “асаблівыя” выхаванцы наведваюць розныя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры райцэнтра: магазіны, аптэку, пошту, мастацкі музей, бібліятэку.

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў у рамках “Тыдня міласэрнасці” да выхаванцаў прыходзяць іх равеснікі з валанцёрскага атрада “Рукі дапамогі”, які дзейнічае пры СШ №1. Дзеці разам гуляюць, малююць, размаўляюць. Навучэнцы цэнтра і валанцёры абменьваюцца невялікімі падарункамі. У сваю чаргу, педагогі цэнтра арганізавалі ў школе тэматычныя заняткі “Людзі з роўнымі магчымасцямі”, галоўнай мэтай якіх было інфармаванне дзяцей аб праблемах “асаблівых” людзей і фарміраванне талерантных адносін да іх. Добры вопыт адносін дзяцей-інвалідаў і членаў валанцёрскага атрада спецыялісты плануюць падтрымліваць і далей.

— Мы хочам наладзіць такое ж узаемадзеянне з усімі ўстановамі адукацыі раёна, актыўна падключаць да супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў, — гаворыць Інэса Усава. — Важна выхоўваць адэкватныя адносіны для дзяцей з асаблівасцямі развіцця не толькі ў дарослых, але і ў падрастаючага пакалення. Хацелася, каб наша грамадства складалі людзі, якія за словам “інвалід” бачаць асобу, чалавека, а не аб’ект пагарды.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *