Засцерагчы родных і блізкіх ад небяспекі

rochsУ 2015 годзе ў краіне адбыліся 5539 пажараў, якія забралі жыцці 495 чалавек, з іх – 10 дзяцей. Сёлетняя “вогненная” статыстыка таксама не суцяшае: з пачатку года здарыліся 5069 пажараў, на якіх загінулі 466 чалавек. У нашым раёне – 26 пажараў і 3 загінулых. Па дадзеных МНС, за апошнія пяць гадоў больш за 65% пажараў з гібеллю людзей прыпадаюць на асенне-зімовы перыяд, а пераважнай іх прычынай (каля 80%) з’яўляецца невыкананне грамадзянамі мер супрацьпажарнай бяспекі.

У зімовы сезон павялічваецца небяспека ўзнікнення пажараў. На гэта ўплывае, акрамя бестурботнасці пры курэнні ў памяшканні і іншых момантаў, якія адносяцца да гэтак званага “чалавечага фактару”, тое, што вяскоўцы і жыхары прыватнага сектара пачынаюць інтэнсіўна паліць у печах. І ў першую чаргу ў зоне рызыкі знаходзяцца адзінокія і адзінока пражываючыя людзі.

Сухія лічбы статыстыкі пацвярджаюцца рэальнымі жыццёвымі сітуацыямі. Толькі за мінулы тыдзень у раёне адбыліся тры пажары. На адным з іх, у вёсцы Сіпайлы, загінула пенсіянерка 1925 года нараджэння, якая пражывала ў доме адна. Дзякуй Богу, на двух іншых абышлося без ахвяр.

У суботу, 26 лістапада, у Цэнтр аператыўнага ўпраўлення РАНС паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў вёсцы Карытніца. Падчас прыбыцця выратавальнікаў на месца выкліку дом гарэў адкрытым полымем. Пажар быў ліквідаваны, але яго наступствы сумныя: знішчаны дах, пашкоджаны перакрыцце пабудовы і маёмасць у доме.

Вечарам наступнага дня спакой жыхароў вёскі Аксенькавічы быў парушаны гукамі сірэн машын пажарнай службы: адбыўся пажар у доме 63-гадовага адзінока пражываючага мужчыны. Да прыбыцця першага падраздзялення супрацоўнікаў РАНС полымя паспела пашкодзіць маёмасць у доме, былі закураны сцены і столь.

Як высветлілася, прычынай узгарання стала парушэнне правілаў эксплуатацыі ацяпляльнай печы. Мужчыну зусім не бянтэжыла тое, што на ёй складзіраваліся розныя прадметы. Калі ў доме пачаўся пажар, яго гаспадар спаў. Гэта добра, што яго своечасова разбудзіў гучны трэск палаючых рэчаў (аўтаномны пажарны апавяшчальнік у доме адсутнічаў). Зразумеўшы, што самастойна справіцца з агнём не атрымаецца, мужчына паспяшаўся пакінуць небяспечнае памяшканне і выклікаць выратавальнікаў.

– Улічваючы той факт, што ў раёне, і асабліва ў яго аддаленых населеных пунктах, пражывае шмат адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых вяскоўцаў, – адзначыў в. а. начальніка РАНС Аляксандр САДОЎСКІ, – нашы супрацоўнікі ўдзяляюць асаблівую ўвагу гэтай катэгорыі грамадзян. Напрыклад, з пачатку года пасля праведзеных абследаванняў дамоў людзей сталага ўзросту, якія жывуць адны, сумесна з раённым цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва іх дзецям былі накіраваны 212 пісьмаў з указаннем недахопаў і просьбай аказання дапамогі бацькам па іх ліквідацыі.

У чарговы раз хачу папярэдзіць усіх жыхароў раёна, што для таго, каб не застацца без даху над галавой і ўсёй нажытай за доўгія гады маёмасці, неабходна выконваць элементарныя правілы супрацьпажарнай бяспекі. Неатынкаваная топка печы або пакінутая без нагляду яе адкрытая дзверка могуць дорага каштаваць гаспадару дома. Таксама не трэба забывацца падчас ацяпляльнага перыяду не радзей за 1 раз у 3 месяцы праводзіць ачыстку комінаў ад сажы.

Апроч гэтага, пільная ўвага адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям, а такіх у раёне налічваецца адпаведна 525 і 2987 чалавек, надаецца з боку раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, супрацоўнікі якога сумесна з прадстаўнікамі РАНС і сельвыканкамаў рэгулярна праводзяць абследаванні матэрыяльна-бытавых умоў іх пражывання, вядуць тлумачальную работу па папярэджанні пажараў, даюць кансультацыі па розных пытаннях.

Значную ролю ў правядзенні супрацьпажарнай прафілактыкі павінна адыгрываць і пачуццё звычайнай людской неабыякавасці і ўзаемадапамогі. Гэта, без перабольшвання, маральны абавязак цывілізаванага грамадства – клапаціцца не толькі аб асабістай бяспецы, але і звяртаць увагу на тое, ці ўсё ў парадку ў суседзяў, адгукацца на іх просьбы аб дапамозе, асабліва, калі гэта інваліды ці адзінокія людзі ў гадах.

Іх сталы ўзрост, фізічны стан, рассеянасць і забыўлівасць нярэдка замінаюць ім стварыць належныя супрацьпажарныя ўмовы ў сваім доме. Часам у іх дзяцей ці ўнукаў няма магчымасці забраць старых на зіму да сябе. Дый бабулі і дзядулі часта катэгарычна адмаўляюцца пакідаць родныя хаты, пакуль яшчэ ў стане хоць колькі дагледзець сябе.

Але ў любым выпадку іх родныя могуць і абавязаны паклапаціцца аб тым, каб печка, электраправодка і газавая пліта ў састарэлых людзей былі спраўныя, а ў доме абавязкова ўсталяваны аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Гэта той мінімум, які дазволіць прадухіліць бяду і падоўжыць жыццё блізкага чалавека.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *