Настаўнікам марыла быць са школы

Хоць малады педагог Вішоўскай СШ Марына ПЛЕХАВА працоўную дзейнасць пачала некалькі месяцаў назад, але паспела зарэкамендаваць сябе з самага лепшага боку.

plexova

— Пасля заканчэння школы я нават не раздумвала, куды буду паступаць, — расказвае Марына Міхайлаўна. — Мая маці Антаніна Аляксандраўна працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Цяхцінскім ВПК ДС СШ, настаўнікам працоўнага навучання быў і дзядуля, дый многія родныя рэалізавалі свой працоўны патэнцыял на ніве педагогікі. Толькі я вагалася – выбраць гістарычны ці філалагічны факультэт, бо падабаліся як гісторыя, так і руская мова і літаратура.

Пасля доўгіх роздумаў гістарычны факультэт МДУ імя А. Куляшова ў спісе прыярытэтаў заняў пачэснае першае месца.

На працу ў родны раён Марына Плехава не збіралася, бо варыянтаў, куды можна размеркавацца, было многа. Аднак незадоўга да асноўнага этапу вызначэння будучага рабочага месца ёй прапанавалі паехаць настаўнічаць на Бялыніччыну. Марына заняла пасаду настаўніка гісторыі і педагога-арганізатара ў Вішоўскай СШ.

— Нагрузка для пачынаючага спецыяліста вялікая, — усміхаецца малады спецыяліст. — Але, калі праца падабаецца, то спраўляцца са шматлікімі абавязкамі нескладана.

Таксама ёй выдзелілі жыллё – пакой у інтэрнаце ПМК-83. Канечне, каб давесці яго да ладу, прыйшлося зрабіць касметычны рамонт, але ж гэта, як ні кажы, свой уласны куток, і дастаткова танны, што таксама важна.

Да новага працоўнага месца Марына Плехава прызвычаілася вельмі хутка. І так жа хутка ўлілася ў педагагічны калектыў.

— Безумоўна, як пачаткоўцу, мне ўсё цікава, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Марына Міхайлаўна. — Маім настаўнікам і куратарам стаў намеснік дырэктара школы Уладзімір ЧУЖАЎКА. Да яго магу звярнуцца з любым пытаннем. Не адмаўляюць у дапамозе і астатнія калегі.

Амаль увесь вольны час, якога не так і многа ў маладога педагога, яна прысвячае кнігам і падарожжам. Падчас студэнцтва з сяброўкамі пабывалі ў многіх цікавых месцах нашай краіны і блізкага замежжа: Літве, Польшчы, Чэхіі, Расійскай Федэрацыі і ва Украіне. Знаёмства з культурай і традыцыямі іншых краін не толькі ўзбагачае яе кругагляд, але прымушае па-іншаму адносіцца і да гістарычных ды культурных каштоўнасцей Беларусі.

А яшчэ Марына Плехава – археолаг-аматар. Разам з групай студэнтаў-гісторыкаў МДУ імя А. Куляшова пад кіраўніцтвам вопытнага выкладчыка Аляксандра КОЛАСАВА апошнія некалькі гадоў яна прымае ўдзел у археалагічных раскопках на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Хоць і скончыла ўніверсітэт, а сувязь з былымі педагогамі не губляе. Наступным летам таксама плануе паехаць у археалагічную экспедыцыю.

Кацярына ЗАЙЦАВА,

дырэктар Вішоўскай СШ:

— Такое здараецца не часта, калі малады педагог можа праявіць сябе літаральна з першых дзён працы. У Марыны Плехавай гэта атрымалася. Яна хутка ўлілася ў наш педагагічны калектыў, адказна і старанна выконвае ўсе даручэнні. Як педагог-арганізатар школьныя мерапрыемствы праводзіць цікава і захапляльна. Дзеці цягнуцца да яе, а гэта такі народ, які не падманеш.

Уладзімір ЧУЖАЎКА,

намеснік дырэктара, куратар:

— Я задаволены маёй падапечнай. Яна не толькі нядрэнны арганізатар, але і дасведчаны гісторык. Вельмі любіць свой прадмет і стараецца кожны ўрок зрабіць асаблівым.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *