Бялынічы рыхтуюцца да навагодніх святаў

Кожны год прадпрыемствы і арганізацыі ўпрыгожваюць да Новага года адміністрацыйныя будынкі і прылеглую да іх тэрыторыю. З першага снежня Бялынічы пачалі набываць сапраўдны навагодні настрой.

– Работнікі нашага прадпрыемства працуюць над святочным афармленнем горада. На галоўных вуліцах ужо развешваем светлавыя расцяжкі, – паведамляе начальнік участка шматгаліновых паслуг БУКП “Жылкамгас” Алег СІДАРОВІЧ. – Упрыгожваем дрэвы рознакаляровымі гірляндамі. Таксама правяраем, ці добра і бяспечна яны працуюць, а калі выйшлі са строю – стараемся аператыўна замяніць. На традыцыйнай пляцоўцы каля кінатэатра “Зорка” ўстанавілі навагоднюю ёлку, а тэрыторыю вакол яе ўпрыгожылі рознакаляровай ілюмінацыяй. Трэба адзначыць, што і іншыя арганізацыі дапамагаюць нам афармляць горад да свята.

ded bulbachyov

У мэтах падрыхтоўкі і правядзення пераднавагодняга, навагодняга і каляднага гандлю на высокім арганізацыйным узроўні ў райста праводзіцца раённы конкурс на лепшае прадпрыемства гандлю і грамадскага харчавання. Адным з умоў яго з’яўляецца святочнае тэматычнае афармленне гандлёвых і абедзенных залаў, вітрын. На сённяшні дзень амаль усе будынкі таварыства святочна ўпрыгожаны. Развешаны рознакаляровыя гірлянды, ілюмінацыйныя агні і іншыя навагоднія ўпрыгожванні. На першым паверсе ўнівермага размешчаны штучныя ёлкі.

– У асноўным пры афармленні нашых аб’ектаў мы арыентуемся на творчасць працаўнікоў і стараемся ўсе навагоднія аздабленні рабіць з падручных матэрыялаў, – адзначыла Галіна МАРОЗАВА, намеснік старшыні праўлення райста.

У бялыніцкім філіале ААТ “Бабуліна крынка” таксама ўпрыгожылі вытворчую тэрыторыю да свята. Амаль усе навагоднія цацкі, казачныя персанажы, надпісы і іншае зроблена рукамі сыраробаў. На даху аднаго з будынкаў размешчаны Дзед Мароз, які быццам бы прыляцеў сюды на аленях. Каля ёлкі размясціліся казачныя персанажы, а таксама певень, сімвал 2017 года. На прылеглай тэрыторыі стаяць вялікія сані, якім толькі, мабыць, не хапае аленяў. Галоўны ўваход на тэрыторыю прадпрыемства  аздоблены рознакаляровымі агнямі.

– Мы таксама ўпрыгожваем не толькі сядзібу, але і тэрыторыю, якая да яе прылягае. Для таго, каб стварыць святочны настрой як працаўнікам установы, так і жыхарам і гасцям нашых Бялынічаў, – распавядае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Юлія КУДРАВЕЦ. – Святлодыёднымі сеткамі будуць свяціцца туі каля будынка, а на вярхушку адной з іх установім прыгожую светлавую фігуру ў форме сняжынкі. Цэнтральны ўваход загарыцца гірляндай у выглядзе дажджу. Ствалы дрэў, якія растуць насупраць лясгаса, упрыгожым рознакаляровым дзюралайтам. На клумбе каля будынка размясцім блакітную гірлянду, якая будзе нагадваць ручаёк.

Аляксей РАГУЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *