Днямі адбылася традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

Днямі адбылася традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыйшлі на працу ў арганізацыі і гаспадаркі Бялыніччыны пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Арганізатары сустрэчы, аддзелы арганізацыйна-кадравай работы, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, пастараліся зрабіць мерапрыемства цікавым і насычаным.

pole

Падчас сустрэчы на базе вядучай будаўнічай арганізацыі ПМК-241 старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА адзначыў, што значная частка сёлетніх выпускнікоў родам з нашага раёна, а гэта значыць, намецілася тэндэнцыя ўлівання ў працоўнае жыццё рэгіёну новых і перспектыўных кадраў “сваёй вытворчасці”. Сённяшняе жыццё дыктуе такія ўмовы, што словы “малады спецыяліст” — гэта не толькі гучная назва, але і поўная самааддача, праца, якой чалавек павінен зарабіць сабе імя, стварыць падмурак для далейшай паспяховай самарэалізацыі ў жыцці.

Дырэктар ПМК-241 Уладзімір РАМАНЕНКА прывёў моладзі ў якасці прыкладу свой уласны працоўны шлях, які пачаўся ад майстра будоўлі да кіраўніка паспяховага прадпрыемства. Таксама хлопцы і дзяўчаты праглядзелі тэматычны фільм пра дасягненні будаўнічай сферы раёна, а пасля наведалі з экскурсіяй Цэнтр здароўя і прыгажосці ПМК-241 у інтэрнаце па вуліцы Калініна. Там экскурсанты не толькі пазнаёміліся з паслугамі цэнтра, але і бясплатна пакаштавалі кіслародныя кактэйлі. Завіталі маладыя спецыялісты і ў кінатэатр “Зорка”. Для іх прайшла трансляцыя двух кароткаметражных фільмаў у 3D фармаце. Але самае цікавае чакала моладзь у малой зале РЦК – гульня “Маладзёжнае Поле цудаў”. Перамогу ў гэтым імправізаваным інтэлектуальным спаборніцтве атрымаў фельчар ЦРБ Дзмітрый СТРУНОВІЧ.

koktejl

Пасля гульні слова ўзялі кампетэнтныя спецыялісты, запрошаныя на сустрэчу. Намеснік дырэктара ЦБП “701 ААТ “ААБ Беларусбанк” Людміла ДРАЗДОЎСКАЯ паінфармавала аб выгадных крэдытах, якія можна аформіць для набыцця тавараў першай неабходнасці, а таксама растлумачыла, як пры дапамозе сістэмы будаўнічых накапленняў можна паклапаціцца пра будучае ўласнае жыллё. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіна ПАНЦЯЛЕЕВА расказала, якія дакументы патрэбны для таго, каб стаць у чаргу на будаўніцтва кватэры. Шмат пытанняў маладыя спецыялісты адрасавалі і старшыні райвыканкама Мікалаю Кадаценку. Работнік ААТ “Новая Друць” Юрый АНОШКА пацікавіўся, дзе ў Бялынічах можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, а ўрач ЦРБ Аляксандр ЦМЫГ папрасіў скарэктаваць расклад працы кропак грамадскага харчавання ў райцэнтры.

— Працоўны дзень у мяне заканчваецца пасля 16 гадзін вечара, а кафэ перастаюць працаваць на гадзіну раней, — заклапочана паведаміў малады чалавек.

Мікалай Кадаценка паабяцаў вырашыць гэта пытанне і даў падрабязныя тлумачэнні на многія іншыя.

kodatenko

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік раёна павіншаваў моладзь з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім паспяховай рэалізацыі ў выбраных прафесіях.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Калі хтосьці з вас захоча атрымаць фота з сустрэчы, надрукаванае на паперы, нагадваем, што рэдакцыя зараз аказвае фотапаслугі.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *