Лепш бы дабру павучылi, а не бутэльку прапаноўвалi

Дарослыягэта людзі, якія сваім прыкладам павінны вучыць малодшае пакаленне добрым паводзінам. Але нярэдка здараецца так, што яны не толькі не робяць, здаецца, элементарных рэчаў у адносінах да непаўналетніх, а, наадварот, схіляюць іх да правапарушэнняў.

На апошнім пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі райвыканкама былі разгледжаны паводзіны чатырох такіх грамадзян.

Вось беспрацоўны жыхар Камяніцы Віталь ПАПКОЎ, якому толькі ў сакавіку споўнілася 18 гадоў, запрасіў да сябе ў госці дзвюх непаўналетніх аднасяльчанак, з якімі перакуліў бутэльку гарэлкі.

Яшчэ адзін беспрацоўны, 24-гадовы вішаўчанін Анатоль СЦЕПАНЕНКА, таксама не пасаромеўся распіваць гарэлку з сябрамі, сярод якіх была і непаўналетняя дзяўчына, каля аўтобуснага прыпынку ў Вiшове.

Абодва маладыя мужчыны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу па 210 дэнамінаваных рублёў. Дарэчы, яны ведалі, што прапануюць выпіць спіртныя напоі школьніцам, якія не дасягнулі паўналецця.

Ірына ЛУСЕВІЧ з Цяхціна для праваахоўнікаў жанчына даўно знаёмая. Яшчэ летась яна лічылася ў спісе абавязаных асоб, якія не выплачваюць грошы дзяржаве за ўтрыманне свайго дзіцяці. Не так даўно была прыцягнута і за сумеснае распіццё з непаўналетнімі спіртных напояў. І вось у канцы кастрычнiка ў адносінах да яе распачата новая аналагічная адміністрацыйная справа. Жанчыне прызначаны штраф у 231 рубель. Адметна, што ўсяго праз некалькі дзён па гэтым жа артыкуле КаАП на яе складзены пратакол у г.п. Круглае.

Пастаянна ў рызыковым становішчы знаходзяцца і прадаўцы гандлёвых кропак, калі спажывец, на першы погляд, яўна дасягнуў паўналецця. Вось так “патрапілася” і прадаўшчыца прыватнага магазіна “Кат и К” Алена СТАРАВОЙТАВА, якая не ўпэўнiлася ва ўзросце пакупніка i прадала непаўналетняму бутэльку піва. За парушэнне ч.6 арт. 12.17 КаАП ёй давядзецца выплаціціь штраф у 420 рублёў.

Летась за ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 11 жыхароў раёна. Ужо сёлета зарэгістраваны 15 аналагічных выпадкаў.

Сяргей КРАСОЎСКІ,

начальнік ІСН РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *