З увагай да праблем пажылых людзей

На мінулым тыдні Бялыніччыну наведала міжведамасная камісія па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Яе ўдзельнікі правялі маніторынг работы арганізацый раёна ў сферы абароны правоў людзей сталага ўзросту.

У склад рабочай групы пад кіраўніцтвам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства ўнутраных спраў краіны Андрэя МАЗАЛЕЎСКАГА ўвайшлі першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Аляксандр КАПЫТКОЎ, намеснік галоўнага ўрача ДУ “Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава” Аляксандр ВАЛЬЧУК, выканаўчы прадзюсер галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь-2” Дзмітрый КАРАСЬ. Удзельнічала ў маніторынгу таксама начальнік упраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Ірына КАЗЯЛЕЦКАЯ.

Сваё знаёмства з раёнам члены маніторынгавай групы распачалі з наведвання РЦК, дзе яны паглядзелі фільм “Бялыніцкі край: учора і сёння”, пазнаёміліся з дзейнасцю ўстаноў культуры ў адпаведным накірунку.

Пра арганізацыю вольнага часу пажылых людзей расказала дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Святлана КАНДРАЦЬЕВА. Яна адзначыла, што для гэтай катэгорыі насельніцтва пастаянна праводзяцца канцэрты, тэматычныя вечары, “агеньчыкі”, выставы работ народнай творчасці і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Па ініцыятыве райсавета ГА ветэранаў рэгулярна арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі.

Пажылыя людзі з’яўляюцца не толькі гледачамі, але і ў якасці самадзейных артыстаў, напрыклад,  удзельнічаюць у правядзенні народных святаў. Такое іх уключэнне ў культурнае жыццё раёна, а таксама сустрэчы з моладдзю, спрыяюць перадачы традыцый і багатага жыццёвага вопыту будучым пакаленням бялынічан.

Свой унёсак у гэту працу робяць і супрацоўнікі бібліятэчнай сеткі. Да прыкладу, акрамя даступнасці кніжных навінак і часопісаў у бібліятэках, за 10 месяцаў бягучага года ў рамках акцыі “Кніга 103” дастаўлена на дом людзям сталага ўзросту больш за 2 тыс. кніг. За гэты ж перыяд ва ўсіх бібліятэках раёна для састарэлых праведзена 61 тэматычнае мерапрыемства.

Завершыўся першы дзень работы міжведамаснай камісіі экскурсіяй у раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

fok

niz

muz

boln

На наступны дзень у рамках вывучэння даступнасці медыцынскага абслугоўвання ветэранаў, пажылых людзей і інвалідаў рабочая група наведала ЦРБ. Спецыялісты ўстановы пазнаёмілі яе ўдзельнікаў з тэрапеўтычным аддзяленнем, з магчымасцямі фізіятэрапеўтычнага кабінета, наведалі палаты для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і малітоўны пакой.

У райбальніцы створана камісія для правядзення комплексных медыцынскіх аглядаў інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, пажылых і  адзінокіх грамадзян. Усяго на дыспансерным улiку знаходзяцца 22 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 38 грамадзян з ліку асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, 64 ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Усе яны на 100 працэнтаў ахоплены дыспансерызацыяй, забяспечаны ў поўным аб’ёме медыцынскай дапамогай і лекавымі сродкамі на льготных умовах.

Ва ўстанове таксама дзейнічае герыятрычны кабінет, у якім лячэбную і кансультацыйную дапамогу атрымліваюць асобы старэйшых узроставых груп. Функцыянуе аддзяленне сястрынскага догляду на 9 ложкаў, у якім за 10 месяцаў бягучага года прайшлі лячэнне 40 чалавек.

У ходзе работы Аляксандр Вальчук адзначыў станоўчы вопыт бялыніцкіх медыкаў па стварэнні камфортных умоў для знаходжання і лячэння пацыентаў, а таксама звярнуў увагу на малітоўны пакой, дзякуючы якому людзі могуць атрымаць таксама і духоўнае лекаванне.

Пасля гэтага рабочая група наведала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Кацярыну НІЗАЎЦОВУ. Госці асабіста пагутарылі з 95-гадовай бялынічанкай, пазнаёміліся з умовамі яе пражывання.

Падчас наведвання ФАКу “Друць” члены рабочай групы даведаліся аб арганізацыі вольнага часу пажылых людзей, сустрэліся з удзельнікамі ветэранскага каляднага турніру па більярдзе, шашках і шахматах.

Затым міжведамасная камісія накіравалася ў аграгарадок Вішоў, дзе ў памяшканні сельскага Савета адбылася змястоўная размова. Дырэктар раённага ЦСАН Алена КРУПЕНЬКІНА пазнаёміла прысутных з дзейнасцю ўстановы. У ЦСАН функцыянуе 5 аддзяленняў і 5 сацыяльных пунктаў абслугоўвання насельніцтва, якія з’яўляюцца своеасаблівымі міні-цэнтрамі па аказанні дапамогі, розных паслуг і кансультацый адзінокім, састарэлым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Адной з найважнейшых форм работы з’яўляецца аказанне сацыяльнай дапамогі на даму непрацаздольным грамадзянам і інвалідам. Па стане на 1 снежня бягучага года такімі паслугамі карысталіся 514 чалавек, у тым ліку 92 адзінокія, 2 інваліды і 4 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 3 непаўналетнія вязні фашысцкага генацыду, 62 інваліды 1 і 2 групы.

Пры сельвыканкамах арганізавана работа 50 дамоў сацыяльных паслуг, з іх 19 – у маланаселеных аддаленых вёсках, у якіх штомесяц праходзяць сустрэчы прадстаўнікоў розных службаў раёна з насельніцтвам.

На базе аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ЦСАН дзейнічаюць клубы пажылых людзей “Мудрасць”, “За круглым сталом” (аг. Ланькаў) і “Будзем маладыя заўсёды” (аг. Вішоў). Іх удзельнікі маюць магчымасць сустрэцца ў камфортнай абстаноўцы і разам правесці вольны час, паўдзельнічаць у конкурсах, падзяліцца сваімі захапленнямі. Гэта дазваляе пенсіянерам быць уключанымі ў актыўнае грамадскае жыццё.

У ходзе абмеркавання пытання таксама было адзначана, што ў раёне паспяхова рэалізуецца дзяржаўны сацыяльны заказ сумесна з хрысціянскай дабрачыннай грамадскай арганізацыяй “Табея”.

Акрамя гэтага, аб працы супрацоўнікаў аддзяленняў паштовай сувязі з людзьмі сталага ўзросту праінфармавалі начальнік РВПС Марына РУДЗЬКОВА, а начальнік аддзялення правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей НІЗАЎЦОЎ – аб папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў у дачыненні да названай катэгорыі грамадзян.

Наступным этапам у візіце міжведамаснай камісіі сталі наведванне царквы святых апосталаў Пятра і Паўла, экскурсія ў музей гісторы і працоўнай славы СВК “Калгас “Радзіма”. У ім госці, дзякуючы інфакіёску, таксама змаглі зрабіць віртуальнае падарожжа па вытворчых аб’ектах сельгаскааператыва. А ў завяршэнне насычанай праграмы ўдзельнікаў маніторынгу чакала сустрэча з яго старшынёй Аляксандрам ЛАПАЦЕНТАВЫМ, у час якой ён распавёў аб мерапрыемствах па сацыяльнай падтрымцы працаўнікоў гаспадаркі. У прыватнасці, Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што ў СВК “Калгас “Радзіма” працуюць 62 чалавекі пенсіённага ўзросту, якія атрымліваюць даплату да заробку ў памеры 10% за свой вопыт і прафесіяналізм. А спецыяльна для ўрачыстага ўшанавання ветэранаў працы ў чарадзе святаў сельгасарганізацыі ў свой час з’явіўся Дзень памяці святых апосталаў Пятра і Паўла. Ды і Петрапаўлаўская царква была пабудавана ў многім для таго, каб выраўняць ухіл на карысць насычэння вольнага часу пажылых людзей.

Варта адзначыць, што ў час маніторынгу пастаянна гучала аксіёма аб важнасці сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, якія складаюць трэцюю частку насельніцтва раёна. Па выніках яго міжведамасная камісія дасць ацэнку рабоце арганізацый і службаў раёна ў сферы работы з пажылымі людзьмі, прыме да ўвагі прапановы, агучаныя ў час паездкі.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *