Творчасць з японскім каларытам

Такія японскія тэрміны, як арыгамі і ікебана, знаёмыя многім людзям, асабліва тым, хто ў свой вольны час стварае арыгінальныя рэчы, займаецца кветкамі. Зараз шырокую папулярнасць набірае яшчэ адзін від дэкаратыўнаўжытковага мастацтва, радзімай якога зяўляецца далёкая Японія. Гэта канзашы, або тэхніка вырабу кветак з рознакаляровых стужак. У шэрагу прыхільнікаў гэтага цікавага занятку знаходзіцца і бялынічанка Юлія КРАЎЦОВА.

yush

– Можна смела сцвярджаць, што рукадзелле – па-сапраўднаму наша сямейная справа, – усміхаецца маладая жанчына, распачынаючы гутарку. – Захавалася прыгожая бабуліна вышыўка, маці вяжа цёплыя рэчы, цётка вяжа і шые. У школьную пару я таксама рукадзельнічала, потым, праўда, закінула гэты занятак, але зараз вярнулася да яго.

Ды і становішча абавязвае – Юлія Краўцова з’яўляецца настаўнікам працоўнага навучання Цяхцінскага ВПК ДССШ, у якім, дарэчы, некалі сама вучылася. На ўроках яна не абмяжоўваецца толькі школьнай праграмай.

– Хочацца даць вучням дадатковыя веды і ўменні, прывіць інтарэс да дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, – тлумачыць Юлія, – бо, акрамя эстэтычнага моманту, у час работы над вырабамі вельмі добра развіваецца дробная маторыка рук і вакамер хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму пастаянна шукаю нейкія навінкі, многія з якіх выкарыстоўваю на занятках з дзецьмі.

Майстрыха працуе ў розных накірунках. Яна вяжа кручком ажурныя сурвэткі, вышывае крыжыкам, робіць лялькі з мешкавіны, вазы з джутавых нітак і льняной тканіны. І неяк плаўна перайшла да асваення тэхнікі канзашы.

Уласна кажучы, гэты від рукадзелля ўзнік для аздаблення валасоў, бо часткай традыцыйнага японскага жаночага касцюма з’яўляецца вельмі складаная прычоска з мноствам грабянёў і шпілек, упрыгожаных рознакаляровымі кветкамі, зробленымі з шаўковай тканіны. У наш час рукадзельніцы робяць не толькі вытанчаныя ўпрыгожанні для прычосак. Кветкі канзашы можна ўбачыць на жаночай вопратцы і аксесуарах. Таксама становіцца модным дэкараваць святочны стол рознымі вырабамі ў гэтай тэхніцы або з яе элементамі . І нават ствараць цэлыя карціны.

– Матэрыял для работы ў тэхніцы канзашы даволі просты: рознакаляровыя стужкі, нажніцы, свечка. І, зразумела, спрытныя ўмелыя рукі ды крэатыўныя ідэі, – усміхаецца Юлія.

Стужкі наразаюцца на квадрацікі памерам 5х5 см, якія складаюцца па дыяганалі ў трохкутнікі. Іх супрацьлеглыя вуглы зводзяцца, і з трохкутнікаў фармуюцца невялічкія пялёсткі. Лішні край тканіны абразаецца, кончык пялёстка абпальваецца над полымем свечкі . Пасля гэтага нарыхтоўку трэба на некалькі секунд добра сціснуць пальцамі, каб абпаленыя краі склеіліся .

kanzash

Існуюць розныя варыянты складвання квадрацікаў з тканіны для атрымання розных форм пялёсткаў. Затым іх нанізваюць на нітку і робяць бутон, які наклейваюць на аснову – выразаны са стужкі кружок.

Засвоіўшы тэхніку канзашы, Юлія Краўцова не спыняецца. Зараз яна робіць арыгінальныя навагоднія ўпрыгожанні – шары ў стылі “артышок”, якія па структуры нагадваюць суквецці аднайменнай расліны. А матэрыялам для іх служаць таксама каляровыя стужкі і пенапласт.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *