12 верасня 2016 года а чацвёртай гадзіне вечара мужчына патэлефанаваў у аператыўную дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што забіў нажом чалавека…

У гэтым доме беспрацоўны Васіль (імя зменена) знайшоў сабе своеасаблівы прытулак – за ежу і чарку дапамагаў па гаспадарцы.  45-гадовы ўраджэнец Бабруйска не думаў там надоўга затрымлівацца і сыходзіў, аднак гаспадар сядзібы настойліва вяртаў свайго прыяцеля.

— Нягледзячы на тое, што Васіль зарэгістраваны ў Чавускім раёне, пастаяннага месца жыхарства не меў, — гаворыць дзяржабвінаваўца Наталля НІКАЛАЕНКА. — Грамадзянін быў неаднаразова судзімы за крадзёж, хуліганства і наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Таксама падчас адбыцця пакарання прымусова праходзіў лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

Адносіны двух мужчын цяжка назваць сяброўскімі: пасля сумеснага распіцця спіртнога яны часта сварыліся. І вось аднойчы, асушыўшы чарговую бутэльку, Васіль не вытрымаў і схапіўся за нож.

— Падчас следства абвінавачаны казаў, што яго вельмі абразілі словы гаспадара дома, і ён не змог стрымаць сябе, — дадае Наталля Міхайлаўна. – Адразу ж пасля зробленага злачынства мужчына патэлефанаваў у аператыўную дзяжурную службу РАУС і ва ўсім прызнаўся.

Суд прызнаў Васіля вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойства) і на падставе ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Акрамя гэтага, мужчына будзе прымусова лячыцца ад алкагалізму. Прысуд уступіць у сілу праз 10 дзён.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *