Выпіў і скраў. Скраў і выпіў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 12 па 18 снежня на грамадзян былі складзены 20 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 12 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах, 4 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 7 крымінальных спраў, а работнікі АДАІ выявілі 61 парушэнне правіл дарожнага руху. Затрыманы 1 нецвярозы кіроўца.

Выдатна спрацаваў. Вартаўнік ААТ “Аграсэрвіс” затрымаў мужчыну, які спрабаваў скрасці электрычны кабель з тэрыторыі таварыства, што знаходзіцца па вуліцы Дайнекі райцэнтра.

Чатыры чыгунныя пліты скралі невядомыя з дачы ў вёсцы Вялікі Нежкаў. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

Заблукаў? У шматкватэрным доме па вуліцы Калініна па другім паверсе шостага пад’езда “гуляў” нецвярозы мужчына. У адносінах да яго міліцыянеры склалі адміністрацыйны пратакол.

1100. У сем гадзін раніцы 17 снежня занепакоены жыхар аграгарадка Вялікая Машчаніца патэлефанаваў у аператыўную дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што ў яго з дома скралі 1100 дэнамінаваных беларускіх рублёў. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Выклікала. Гаспадыня са Свяцілавічаў паскардзілася праваахоўнікам: падчас сваркі яе збіў сын. На месцы міліцыянеры высветлілі, што і яна сама закон парушыла: жанчына вырабіла і захоўвала дома 25 літраў брагі.

Ідзі! Жыхарку вёскі Лубяны ў нядзелю вечарам збіў і выгнаў з хаты сужыцель, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. На дэбашыра складзены адміністрацыйны пратакол.

З кішэні. 18 снежня ў 2 гадзіны ночы бялынічанін паведаміў у аператыўную дзяжурную службу РАУС, што з кішэні яго курткі нехта сцягнуў 40 дэнамінаваных беларускіх рублёў. Праводзіцца праверка.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *