20 і 21 снежня на Бялыніччыне прайшла абласная нарада дырэктараў цэнтралізаваных клубных сістэм, гарадскіх дамоў культуры, палацаў культуры і мастацтваў
Удзельнікі яе пазнаёміліся з вопытам работы цэнтраў і дамоў культуры Вішоўскага, Ланькаўскага, Свяцілавіцкага і Цяхцінскага сельсаветаў, а таксама Цэнтральнай клубнай сістэмы раёна. На мерапрыемстве была прэзентавана выстава вырабаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва майстроў і рамеснікаў, метадычных матэрыялаў па традыцыйнай культуры, фота- і відэавыставы. Таксама прайшоў круглы стол на тэму: “Развіццё народнай творчасці: кіраўніцкі аспект”.
Вынікі Года культуры былі падведзены падчас урачыстага мерапрыемства ў раённым Цэнтры культуры, на якім лепшыя артысты Бялыніччыны парадавалі гледачоў сваімі канцэртнымі нумарамі.
Адыходзячы год з’явіўся сапраўды плённым для культурнага жыцця раёна. На яго працягу быў рэалізаваны шэраг творчых праектаў: “Бялыніцкая тэатральная восень”, якая аб’яднала ўсе тэатральныя драматычныя калектывы клубнай сістэмы раёна, “Палітра Бялыніцкага края”, “Народныя святы і абрады” і іншыя. Стартавалі праекты для працоўнай моладзі “Міс Бялынічы” і “Містар Бялынічы”, конкурсная шоу-праграма “На вылет”. Таксама вельмі значнай падзеяй з’явілася падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай і Курскай абласцямі, у рамках якога былі ўстаноўлены пабрацімскія адносіны паміж Бялынічамі і Рыльскам. Творчыя калектывы нашага раёна і Рыльска наведалі пабрацімскія рэгіёны і выступілі з сумеснымі канцэртамі.
— Сёння мы назіралі суквецце талентаў Бялыніцкай зямлі. Менавіта тут карпаратыўная супольнасць супрацоўнікаў культуры Магілёўшчыны завяршае Год культуры, — адзначыў ганаровы госць мерапрыемства, член Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтваў пры Савеце Міністраў Беларусі, дырэктар абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег ХМЯЛЬКОЎ. — На працягу гэтага года кожны куточак вобласці мог прадэманстраваць сваё майстэрства ў праекце “Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны”.
Аксана ПЛЕСКАНЁВА.
Фота Вольгі ГОЛЬЦАВАЙ і Кацярыны ЖУКАВАЙ.