Жывёлагадоўчыя фермы і комлексы СВК “Калгас “Радзіма” сталі пляцоўкай семінара-вучобы для кіраўнікоў і галоўных заатэхнікаў сельгасарганізацый раёна

У суботу жывёлагадоўчыя фермы і комлексы СВККалгасРадзімасталі пляцоўкай семінаравучобы для кіраўнікоў і галоўных заатэхнікаў сельгасарганізацый раёна, на якім было падрабязна разгледжана шырокае кола пытанняў, звязаных з  вырошчваннем рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы, стварэннем умоў для плённай працы жывёлаводам.

Удзел у семінары-вучобе прыняў старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, а таксама спецыялісты райсельгасхарчу, вет- і племянной станцый.

Перад пачаткам вучобы старшыня райвыканкама зрабіў падрабязны аналіз бягучай дзейнасці жывёлагадоўчай галіны, указаў на недахопы і ўпушчэнні, агучыў канкрэтныя задачы на наступны год. Галоўная, у прыватнасці, для жывёлагадоўлі заключаецца ў навярстанні ўсяго таго, што было ўпушчана сёлета, і закладцы трывалага падмурку на 2018 год.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Максім БАКУРАЎ патлумачыў прысутным прычыны неабходнасці правядзення такой вучобы і чаму яна праходзіць на базе СВК “Калгас “Радзіма”. На працягу першага квартала новага года на фермах і комлексах сельгаспрадпрыемстваў раёна павінны расцяліцца тры з паловай тысячы кароў. Каб захаваць маладняк, вырасціць з яго здаровых і высокапрадукцыйных цялушак, неабходна за самы бліжэйшы час правесці ў гаспадарках шэраг неадкладных мерапрыемстваў, пачынаючы ад закупкі медыкаментаў, вакцыны да падрыхтоўкі для народжаных цялятак у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі стойлавых месцаў (прафілакторыяў).

– У вас, – паставіў канкрэтную задачу кіраўнікам і заатэхнікам сельгаспрадпрыемстваў начальнік райсельгасхарчу, – за чарговы тыдзень усё павінна быць падрыхтавана для таго, каб прыняць расцёл, атрымаць прыплод, напаіць цялятка малодзівам і паставіць яго ў асобнае месца ў прафілакторыі, дзе яно павінна знаходзіцца тры месяцы.

А выбар правядзення месца вучобы прыпаў на СВК “Калгас “Радзіма” таму, што тут гэты аб’ём шматпланавых работ выкананы цалкам і належным чынам, пры гэтым, як тое заўсёды робіцца ў гаспадарцы, былі ўнесеныя і свае навінкі.

– Мы на трох фермах зрабілі сучасныя прафілакторыі для нованароджаных цялятак, – інфармуе ўдзельнікаў семінара-вучобы галоўны заатэхнік СВК “Калгас “Радзіма” Валянціна ЛАПАЦЕНТАВА. – Зручнасці цудоўныя як для цялятак, гэтаксама і для жывёлаводак, якія іх даглядаюць. Можна сказаць, што пабудаваныя намі прафілакторыі – гэта сучасныя цялятнікі.

Валянціна Сцяпанаўна патлумачыла, што праведзена перастаноўка 812 галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку чаго вызваліўся адзін хлеў, дзе зроблены рамонт станкоў і выканана дызенфекцыя. Яна адзначыла, што ў гаспадарцы даўно асвоены і паспяхова дзейнічае тэхналагічны прынцып руху буйной рагатай жывёлы “пуста – занята”. Пачынаючы з размяшчэння ў асобным стойле прафілакторыя, нованароджанае цялятка затым праходзіць некалькі тэхналагічных этапаў сваёй гадоўлі з перамяшчэннем, і на выхадзе цялушкі (ферма ў вёсцы Лямніца) маюць больш за 500 кілаграмаў вагі.

Практычная частка семінара-вучобы распачалася з наведання Вішоўскай малочна-таварнай фермы. Удзельнікаў вершаванымі прывітаннямі-пажаданнямі на Новы год сустрэла кіраўнік калектыву Марыя ПАНЦЕЕНКА. А старшыня гаспадаркі Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ дадаў, што гадоў дзесяць таму ён выразна ўсвядоміў сабе наступную аксіёму: цудоўны настрой працаўнікоў ферм і комплексаў дадае важкі плюс прадуктыўнасці жывёлы.

– Пабачылі б вы, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч, – з якім настроем і творчым падыходам працоўныя калектывы і сёлета ўпрыгожвалі свае рабочыя месцы да Навагодніх святаў! У нас стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць конкурс на святочнае афармленне рабочых месцаў сярод калектываў пятнаццаці структурных падраздзяленняў. На гэты раз творчая фантазія ўсіх пераўзышла ўсе мае чаканні. Звярніце ўвагу на пеўня, якога намалявалі вішоўскія жывёлаводы. А лямніцкія цэлую вясёлую святочную кампанію размясцілі на прыфермаўскай пляцоўцы. Затраты нулёвыя, настрой – цудоўны. А гэта, па вялікім рахунку, і выхаванне людзей, і праяўленне іх культуры, і самавыражэнне ў творчасці.

vu6 vu7 vu3 vu2

Кіраўнік гаспадаркі паведаміў, што сёлета пры падвядзенні вынікаў гэтага конкурсу ўзнікла нечаканая сітуацыя: немагчыма было назваць адзіны  калектыў-пераможцу. Выйсце ў ходзе дыскусіі конкурснай камісіі,як гаворыцца, знайшлося. Вырашылі прысудзіць па тры першыя, другія і трэція месцы. На заахвочанне пераможцаў праўленне гаспадаркі выдаткавала  20 млн недэнамінаваных рублёў.

Творчая праца калектыву жывёлаводаў Марыі Панцеенка, да слова сказаць, адзначана першым месцам.

На Лямніцкай ферме цялушкі гадуюцца да 15-16-месячнага ўзросту, набіраючы 530 – 540 кілаграмаў вагі, і асемяняюцца. Адсюль выгадаваная высокапрадуктыўная жывёла папаўняе статкі малочна-таварных ферм і комплексаў самой гаспадаркі, выстаўляецца на продаж.

На малочна-таварнай ферме ў вёсцы Голубаўка ўдзельнікі семінара-вучобы мелі магчымасць падрабязна пазнаёміцца з адным з пабудаваных сёлета прафілакторыяў для народжаных цялятак: канструкцыяй індывідуальных стойлавых месцаў, падрабязнасцямі захавання рэгламенту выпайкі атрыманага прыплоду, умовамі яго догляду і працы даглядчыкаў.

Да слова сказаць, за студзень 2017 года тут чакаюць атрымаць 350 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы, які і размесціцца ў цалкам  падрыхтаваным прафілакторыі.

Аляксандр Лапацентаў патлумачыў, што для будаўніцтва ўсіх трох прафілакторыяў выкарыстоўваўся свой даступны матэрыял. Самае галоўнае тое, што іх канструкцыя поўнасцю выключае цыркуляцыю скразнякоў, якія згубна ўплываюць на маладняк, і забяспечвае зручны догляд за хлевам і стойлавымі станкамі, што ў ім размешчаны.

Наведалі кіраўнікі і галоўныя заатэхнікі гаспадарак таксама Ермалавіцкі малочна-таварны комплекс і жывёлагадоўчую ферму ў вёсцы Саглассе, якую Аляксандр Лапацентаў заўсёды прэзентуе як “летні лагер для зімовага ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы”, куды цяляткі паступаюць з прафілакторыяў у трохмесячным узросце.

Год назад, прыкладна ў такі ж самы час, тут быў пабудаваны сіламі калгаснай будаўнічай брыгады і па гаспадарчым метадзе першы хлеў, у якім на зіму размясцілася першая партыя “навасёлаў”. Эксперымент пераўзышоў усе чаканні і спадзяванні. За сёлетнія вясну-лета побач з першынцам былі ўзведзеныя яшчэ тры хлявы. Пры гэтым, значна знізіўся і кошт кожнага з іх у параўнанні з першым. А ўнікальным ноу-хау СВК “Калгас “Радзіма” зацікавіліся ў краіне.

Зараз пры мінімальных затратах у    4 хлявах фермы ў Саглассі ўтрымліваецца 400 цялушак, якіх даглядаюць двое жывёлаводаў. Тут, па словах Валянціны Лапацентавай, “цяляткі самі сябе рыхтуюць да зімы і цудоўна пераносяць мароз. Галоўнае, што для іх здолелі забяспечыць адсутнасць скразнякоў”.

Вынікі семінара-вучобы былі падведзены за круглым сталом. Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка выказаў спадзяванне, што пабачанае сёння на фермах СВК “Калгас “Радзіма” знойдзе свой лагічны працяг у іншых сельгаспрадпрыемствах раёна.

– Пабачылі і зрабілі, – сказаў кіраўнік раёна. – Трэба ў гэтай гаспадарцы арганізаваць яшчэ семінар-вучобу і для загадчыкаў жывёлагадоўчых ферм і комлексаў. У СВК “Калгас “Радзіма” ёсць чаму павучыцца, ёсць што пераняць. Трэба ездзіць, глядзець, вывучаць і ўсё лепшае ўкараняць у сябе.

Начальнік райсельгасхарчу Максім Бакураў заўважыў, што як толькі пачалі больш мэтанакіравана займацца вырашэннем праблемных пытанняў у жывёлагадоўчай галіне, адразу ж намеціўся рух у лепшы бок. Такія тэндэнцыю і дынаміку трэба не толькі захаваць, але і прыдаць ім дадатковы імпульс. І ў гэтым плане важнае значэнне маюць і такая вось вучоба, і ўзаемадзеянне і ўзаемнавыручка паміж кіраўнікамі гаспадарак, іх спецыялістамі.

Старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр Лапацентаў звярнуў увагу калег і заатэхнікаў на тое, што ў арганізацыі сельскагаспадарчай дзейнасці ключавым момантам з’яўляецца поўная захаванасць тэхналогіі.

– Усё трэба рабіць своечасова і ў адпаведнасці з рэгламентам, – адзначыў ён. – Карову трэба вырасціць, накарміць, абслужыць, і тады яна дасць за год 7-7,5 тоны высокагатунковага малака. Канечне, для гэтага патрэбны дысцыпліна, парадак, улік. Звярнуў бы вашу ўвагу на неабходнасць стварэння людзям настрою, які залежыць не толькі выключна ад іх заробкаў.

Што ж да вучобы, то вучыцца трэба пастаянна. Каб не вынаходзіць яшчэ раз веласіпед, неабходна самому быць цікаўным, ездзіць і пераймаць. Сёння ўжо той стаіць на месцы, хто рухаецца павольна.

Эдуард ВЯСЕЛЕЎ,

дырэктар ААТ

“Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”:

– Безумоўна, карысць ад такой вучобы відавочная. Пабачыўшы лепшае, хочацца і ў сваёй гаспадарцы зрабіць нешта падобнае, а яе дасягненні і цябе падштурхоўваюць рухацца толькі наперад.

Мы таксама вялікую ўвагу надаём правядзенню рэканструкцыі аб’ектаў сельгасвытворчасці гаспадарчым метадам. Ёсць вялікае жаданне пабудаваць хлеў для гадоўлі цялятак накшталт такога, які пабачыў у Саглассі.

Міхась КАРПЕЧАНКА. 

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *