Дзіця нараджаецца ў сям’і для шчасця

Гераінямі гэтага творчага праекта пабывалі многія жанчыны Прыдруцкага краю. Яныцудоўны прыклад для пераймання для  ўсіх астатніх. Менавіта гэтыя жанчыны прысвяцілі ўсё жыццё сваім дзецям і зараз радуюцца іх поспехам. Што можа быць лепш вялікай (у прамым сэнсе гэтага слова) і шчаслівай сямі?

Адказ на гэта пытанне ёсць: толькі вельмі вялікая сям’я! Анатоль і Святлана СІДАРОВІЧЫ з Бялынічаў могуць упэўнена сказаць, што іх сям’я самая вялікая ў нашым раёне. Яны нарадзілі і выхоўваюць 10 дзяцей!

— Нічога дзіўнага тут няма, — усміхаецца Святлана Васільеўна. — У мяне самой шэсць братоў і пяць сясцёр. Маці таксама прыйшлося нялёгка, пакуль падняла дзяцей на ногі, але зараз тое цяпло, што яна ў нас уклала, вяртаецца шматкроць. Мы падтрымліваем блізкія адносіны паміж сабой, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, падтрымаць, парадавацца за сваіх родных.

У 2011 годзе Святлана Васільеўна атрымала самую ганаровую ўзнагароду для жанчыны — ордэн Маці.

Як мнагадзетная сям’я Сідаровічы скарысталіся дзяржпадтрымкай і атрымалі трохпакаёвую кватэру ў новым доме па вуліцы Энгельса.

— Дапамога дзяржавы для нас вельмі адчувальная, безумоўна, — адзначае мнагадзетная маці. — Мы і кватэру атрымалі, і зараз падалі дакументы на пашырэнне жылплошчы. Пакуль я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, прызначылі адрасную дапамогу.

syamya padzelki

Аднак, лічыць Святлана Сідаровіч, матэрыяльная падтрымка не самае важнае ў жыцці. Галоўнае, канечне ж, дзеці. Кожнай з дзесяці сваіх крывінак маці паспявае ўдзяліць часцінку клопату і ўвагі. Спраўляцца з такой вялікай колькасцю жэўжыкаў ёй не вельмі складана. Тым больш, што сыночкі і дачушкі выдатна разумеюць усе акалічнасці жыцця ў вялікай сям’і. Таму шчыра адказваюць маці ўзаемнасцю, дапамагаюць прыбраць у хаце, стол накрыць, прапалоць градкі ды пагуляць з сястрычкамі-блізняткамі Аняй і Янай. Ім па два з паловай годзіка. Дзяўчынкі ўсё яшчэ ніяк не могуць запомніць імёны сваіх шматлікіх брацікаў і сястрычак, і, бывае, блытаюць іх.

Дачушкі Маша і Соня ходзяць у дзіцячы садок, Саша, старэйшыя Оля і Лена наведваюць заняткі ў школе мастацтваў. Там яны не толькі малююць, але і робяць розныя прыгожыя падзелкі, карціны, сувеніры, якія дораць сваёй маці. Віця і Вася займаюцца ў спартыўных аб’яднаннях па інтарэсах, захапляюцца плаваннем, рукапашным боем, валейболам. Самая старэйшая, Юля, найпершая маміна памочніца і строгая выхавацелька для малодшых.

Па вечарах вялікая сям’я збіраецца разам, і тады ўся кватэра напаўняецца смехам і радаснымі дзіцячымі галасамі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *