Правапарушальнікі не атрымліваюць падарункі

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, за два апошнія тыдні мінулага года на грамадзян былі складзены 54 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку 39 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах, 10 – за дробнае хуліганства, 4 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 11 крымінальных спраў, а работнікі АДАІ выявілі 129 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 3 нецвярозыя кіроўцы.

Кулінар. Невядомы, узламаўшы замок, пранік у дачны дом у вёсцы Васільеўка. Злодзей скраў толькі прадукты харчавання і посуд. Праваахоўнікі высвятляюць абставіны справы.

З’елі сімвал Новага года. Цяхцінец паскардзіўся міліцыянерам, што яго пеўня з’елі суседскія сабакі. А вось мужчына з Рудні на ланцуг сваіх зубастых пястунчыкаў і зусім не садзіў, чым перашкаджаў аднавяскоўцам. За гэта ён атрымаў адміністрацыйны пратакол.

Глытнуў сурагату. 22 снежня ўвечары ў прыёмнае аддзяленне ЦРБ быў дастаўлены жыхар вёскі Нежкаў з дыягназам: “падазрэнне на атручванне сурагатам алкаголю”.

Грошы. З гандлёвага павільёна ў ГЦ “Крокус” невядомы скраў 300 дэнамінаваных беларускіх рублёў. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

Можа, гэта лёс? У нядзелю, 25 снежня, а другой гадзіне ночы ў аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанаваў бялынічанін і паведаміў, што каля ўніверсама “Ластаўка” на зямлі сядзіць п’яная дзяўчына. Праз некалькі гадзін аналагічнае паведамленне паступіла з інтэрната па вуліцы Мічурына – там ляжаў мужчына ў стане алкагольнага ап’янення. Прайшло сем дзён, і гісторыя паўтарылася зноў, але з удзелам іншых асоб. На гэты раз жанчына знайшла сабе прытулак паміж дамамі № 1 “А” і № 1 “Г” па вуліцы Калініна, а мужчына – у альтанцы каля магазіна “Востраў Чысціні”. На гэтых аматараў адпачыць на свежым паветры складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Гэта смага! Участковы інспектар міліцыі затрымаў 42-гадовага мужчыну, які пранік у магазін у вёсцы Пільшычы і скраў чатыры бутэлькі гарэлкі.

Напэўна, сумна стала. Малады чалавек пасля некалькіх чарак спіртнога пачаў буяніць у кафэ, якое знаходзіцца ва ўніверсаме “Ластаўка”. За дрэнныя паводзіны ён удастоіўся адміністрацыйнага пратакола.

Абчысціў аўтамабіль. Бялынічанін звярнуўся да міліцыянераў з заявай аб тым, што ў яго мікрааўтобусе нехта ўзламаў багажныя дзверы і скраў перфаратар, шурупавёрт, набор ключоў. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

Нядобры знаёмы. Мужчына расказаў супрацоўнікам РАУС, што ў першы дзень 2017 года знаёмы збіў яго прама на вуліцы. Абставіны справы высвятляюцца.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *