Асцярожна, газ!

4 студзеня а 13 гадзіне ў Цэнтр аператыўнага ўпраўлення РАНС паступіла паведамленне  аб тым, што ў адной з кватэр па вуліцы Паркавая ў Бялынічах адчуваецца пах газу.

На месца здарэння выехалі спецыялісты адразу некалькіх службаў: выратавальнікі РАНС, супрацоўнікі РАУС, раёна газазабеспячэння і ЦРБ. Па словах суседкі, у кватэры маглі знаходзіцца гаспадары-пенсіянеры. Дзверы былі зачынены, а на званок ніхто не адгукнуўся. Кватэра знаходзіцца на першым паверсе, таму выратавальнікі вырашылі патрапіць у яе праз акно. Гаспадароў, на шчасце, дома не было. Пах ішоў ад газавага балона. Ён быў вынесены на вуліцу, а памяшканне праветрана.

Папярэдняй прычынай уцечкі газу супрацоўнікі РАНС называюць не да канца закрыты вентыль балона.

Каб пазбегнуць надзвычайнай сітуацыіі, неабходна рэгулярна правяраць спраўнасць газавага абсталявання і выконваць правілы яго бяспечнай эксплуатацыі!

Пераканайцеся ў спраўнасці газавай пліты або калонкі, рэгулярна правярайце цягу. Для ўстаноўкі і рамонту газавага абсталявання звяртайцеся толькі да спецыялістаў.

Пры выяўленні паху газу выключце газавыя прыборы. Праветрыце памяшканне, адкрыўшы вокны і дзверы. Ні ў якім разе не выкарыстоўвайце адкрыты агонь, пазбягайце ўключэння і выключэння электрапрыбораў. Лепш пакіньце памяшканне і патэлефануйце па тэлефоне 104 у газавую службу.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *