Напярэдадні Новага года ў Мінску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы “Калядныя старты”

На працягу двух дзён лёгкаатлеты розных узроставых катэгорый з усіх куткоў краіны спаборнічалі за званне лепшых у сваіх дысцыплінах.

Адкрылі праграму спартыўнага форуму спаборніцтвы сярод дзяцей па праграме Kids Athletics, удзел у якіх прынялі 12 дружын. Пераможцам іх сталі нашы землякі – каманда раённай ДЮСШ. На п’едэстал гонару ўзняліся таксама юныя  спартсмены   СДЮШАР  прафсаюзаў (г. Брэст) і СДЮШАР  “Буравеснік” (г. Мінск).

У складзе зборнай ДЮСШ трыумфатарамі спаборніцтваў сталі пяцікласнікі Паліна ЗІНКЕВІЧ, Мікіта ІГНАТОВІЧ, Людміла КАЗАКОВА, Іван САЛАЎЁЎ, Ганна ДЗЯМІДАВА (усе – Вішоўская СШ) і Барыс ЕЛІСЕЕЎ (СШ №2).

kid3 kid2 devyat

Рабяты дэманстравалі свае здольнасці ў 12 відах праграмы: спрынтарскім і бар’ерным бегу, паласе перашкод, хуткасных класіках і лесвіцы, кіданні мяча і кап’я, скачках з шастом і інш. Кожны ўдзельнік спаборніцтваў атрымаў памятны медаль, дыплом і мяккую цацку, а тройка лепшых каманд прывезла дадому кубкі.

Цярплівая праца трэнераў па лёгкай атлетыцы са сваімі выхаванцамі таксама была адзначана: старшыня ГА “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі”, славуты спартсмен Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ ўручыў трэнеру-выкладчыку ДЮСШ Валянціне ЦЫБУЛЬСКАЙ і настаўніку фізічнай культуры Вішоўскай СШ Аляксандру ДУДАРАВУ памятныя медалі.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота з сайта bfla.eu.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *