Самай марознай з пачатку года стала ноч з 7 на 8 студзеня

Па дадзеных Белгідрамета, халадней за ўсё было ў пасёлку Язерышча Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці (-34 градусы), цяплей – у Гродна (-17). Сіноптыкі прагназуюць, што маразы аслабеюць да канца тыдня, калі на тэрыторыю краіны пачнуць паступаць паветраныя масы з Заходняй Еўропы.

Увесь мінулы тыдзень у Беларусі гаспадарыў цыклон “Аксель”. У некаторых раёнах толькі за суткі выпала дзесяцідзённая норма ападкаў. Камунальнікі і дарожнікі кругласутачна ўбіралі снег, але “Аксель” працягваў намятаць вялікія гурбы. Вуліцы райцэнтра камунгасаўцы чысцілі і пасыпалі пяском не раз. На барацьбу са стыхіяй ДРБУ № 170 накіравала 11 адзінак тэхнікі і дзве брыгады па 5 чалавек, якія працавалі ў дзве змены, а ДЭУ № 74 – 12 МАЗаў, 19 МТЗ, 3 пагрузчыкі і 4 брыгады па 8 чалавек.

pogoda

Асаблівых праблем непагадзь не выклікала і ў работнікаў гандлю: кліенты аўталавак без прадуктаў харчавання ў марозныя дні не засталіся.

Вызваляць Бялынічы са снежнага палону выйшлі не толькі працаўнікі БУКП “Жылкамгас”, прадпрыемстваў і арганізацый, але і жыхары горада. Напрыклад, пенсіянер Міхаіл СТРУНОВІЧ па ўласнай ініцыятыве ўзяўся за шуфель.

— Даўно чакаю такой добрай зімы, — адзначыў Міхаіл Іванавіч. — Марозу не баюся, загартоўваюся. Раней і не такое было: замятала па самыя дахі, а слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за мінус 30. І гэта ж толькі на карысць – паветра становіцца чысцей.

strun

Але ж па-сапраўднаму зімовае надвор’е прыносіць і шмат непрыемнасцяў: павялічваецца рызыка галалёдных траўм, абмаражэнняў і пераахаладжэнняў. Як паведамілі ў ЦРБ, на мінулым тыдні па медыцынскую дапамогу з гэтай прычыны звярнуўся толькі адзін чалавек.

Узмоцненую службу неслі супрацоўнікі МНС і Дзяржаўтаінспекцыі, якія дапамагалі аўтамабілістам спраўляцца з непаладкамі. Па інфармацыі начальніка АДАІ РАУС Максіма КУНДАЛЕВА, днямі са словамі ўдзячнасці на адрас участковага інспектара Андрэя КАЗЛОВА і інспектара АДАІ Аляксандра ЕМЯЛЬЯНАВА звярнуўся вадзіцель Леанід ТАРГОЎЦАЎ.

— Рухацца далей не мог, бо замёрзла паліва, — расказаў мужчына. — Праваахоўнікі вырашылі дадзеную праблему і нават суправаджалі мяне на значнай адлегласці, каб пераканацца, што ўсё ў парадку.

Спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі паведамляюць, што, пачынаючы з чацвярга, панаваць будзе атлантычны цыклон з цэнтрам над Скандынавіяй. Яго атмасферныя франты будуць праходзіць праз нашу краіну. Паўночныя вятры зменяцца на паўднёва-заходнія, установіцца сырое, ветранае надвор’е. Магчымы кароткачасовы снег і завеі.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара і Вольгі НАБОКАВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *