Нарыхтоўка другаснай сыравіны – і неабходна, і карысна

Пытанне збору і перапрацоўкі макулатуры, пластыку, шкла, зношаных шын, металалому даўно выйшла за экалагічныя межы і стала адным з прыярытэтных і ў эканамічнай сферы. Другасная сыравіна – не смецце, яна можа і павінна працаваць на эканоміку краіны, а не займаць месца на палігонах цвёрдых бытавых адходаў.

У нашым раёне надаецца пільная ўвага нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Вынікі работы прадпрыемстваў і арганізацый у гэтым накірунку пракаментавала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіна ПАНЦЯЛЕЕВА:

– Калі падвесці вынікі агульнай работы за мінулы год, то, у першую чаргу, трэба адзначыць, што даведзены раёну дзяржаўны заказ на нарыхтоўку і пастаўку адходаў паперы і кардону, шкла для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, выкананы. Так, у 2016 годзе пры дзяржзаказе ў 433 тоны здадзена на перапрацоўку 452,6 тоны, або 104,5%, макулатуры, і 214 тон шкла (158,5%).

Асноўнымі нарыхтоўшчыкамі другаснай сыравіны з’яўляюцца БУКП “Жылкамгас” і райспажыўтаварыства. Абодва аператары справіліся з выкананнем дзяржзаказу.

Калектывам арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак раёна былі даведзены гадавыя заданні па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Пераважная большасць іх выканала. Напрыклад, найбольшы ўнёсак у нарыхтоўку макулатуры зрабілі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – 59,4 тоны, або 102,3% да гадавога плана, цэнтральная раённая бальніца – 28,7 (100,2%), ПМК-241 – 22,6 (100,3%), цэх па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка” – 14 (100,1%), аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – 14,3 (100,4%), дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў – 9,5 (100,2%), дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – 8,6 (101,4%) і інш.

Таксама значны ўклад усіх пералічаных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў у нарыхтоўку палімерных адходаў і шкла. Вялікі аб’ём гэтых відаў другаснай сыравіны нарыхтавалі і СВК “Калгас “Радзіма”, ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.

Аднак не ўсе прадпрыемствы ўдзялілі гэтай справе належную ўвагу. Так, напрыклад, па нарыхтоўцы макулатуры не ў поўнай меры спрацавалі лясгас,  сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Усяго прадпрыемствамі, арганізацыямі і гаспадаркамі раёна за мінулы год нарыхтавана больш за 463 тоны адходаў паперы і кардону, 385 тон шкла, 155 тон палімераў, 16 тон адходаў электрычнага і электроннага абсталявання, 160 тон зношаных шын.

Актыўная работа па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, неабходных для вытворчых патрэб эканомікі краіны, будзе праводзіцца і ў бягучым годзе.

прэс

Варта адзначыць, што шукаць, куды б падзець другасную сыравіну, жыхарам Бялыніччыны не трэба. На тэрыторыі раёна дзейнічае сетка прыёмачна-нарыхтоўчых пунктаў: 2 з іх належаць БУКП “Жылкамгас”, 5 – райспажыўтаварыству, з якіх 1 – перасовачны. Акрамя таго, у кожным магазіне райста ёсць аб’явы пра закупку другасных матэрыяльных рэсурсаў, рэклама з закупачнымі цэнамі рэгулярна друкуецца ў раённай газеце.

Увесь жылы фонд, двары ўсіх шматпавярховых дамоў райцэнтра абсталяваны кантэйнерамі. Ёсць яны і ў прыватным сектары, у сельскай мясцовасці – пераважна ў аграгарадках. Для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў у раёне налічваецца 493 кантэйнеры, з іх 20 былі ўстаноўлены ў мінулым годзе.

Жыхары сельскіх населеных пунктаў таксама маюць магчымасць здаваць цвёрдыя бытавыя адходы раздзельна. Смеццявозы, што курсіруюць па графіку па вуліцах аграгарадкоў і вёсак, абсталяваны прычэпамі, у якія асобна ад іншага смецця складваюцца сартаваныя ЦБА. Таму вяскоўцам неабходна толькі загадзя паклапаціцца аб раздзяленні адходаў, а не кідаць усё ў адзін мех.

Новае жыццё старой тэхнікі

Любая бытавая тэхніка з часам старэе фізічна і маральна. У выніку надыходзіць момант, калі той ці іншы прыбор з хатняга памочніка ператвараецца ў непатрэбную рэч, якая проста займае свабоднае месца ў кватэры. Рана ці позна прыходзіць час развітацца са старым непрацуючым халадзільнікам, пральнай машынай, тэлевізарам або электрачайнікам. І тады ўзнікае праблема – як правільна іх утылізаваць, каб не парушыць прыродаахоўнае заканадаўства і не нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю.

У такіх выпадках на дапамогу заўсёды гатовыя прыйсці камунальнікі.

– БУКП “Жылкамгас” БЯСПЛАТНА ажыццяўляе вываз любой бытавой тэхнікі і электроннага абсталявання, якія знаходзяцца ў рабочым або нерабочым стане, – гаворыць намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Мікалай СЫЦЭВІЧ. – Для гэтага жыхарам шматпавярховых дамоў неабходна размясціць іх на кантэйнернай пляцоўцы, адкуль непатрэбнае ім і будзе вывезена. Пры гэтым тэхніка павінна быць поўнакамплектнай, гэта значыць, без выемкі кінескопаў, электрарухавікоў і іншых састаўных частак.

Жыхарам прыватных домаўладанняў райцэнтра і сельскай мясцовасці неабходна выстаўляць непатрэбную тэхніку побач з бытавымі адходамі, згодна графіка іх вывазу.

тэлек

Работнікі жылкамгаса забяруць як сярэдне- і дробнагабарытнае (тэлевізары, маніторы, ноўтбукі, аўдыё- і відэаапаратура, мікрахвалёвыя печы, абагравальнікі, пыласосы, швейныя машыны, міксеры, фены, электрапрасы і г.д.), так і буйнагабарытнае электрычнае і электроннае абсталяванне (халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны, газавыя і электрычныя пліты і г.д.).

Такое ўзаемадзеянне дазволіць прадухіліць парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства і будзе спрыяць захаванню экалогіі. Сучасная бытавая тэхніка складаецца з шэрагу матэрыялаў, якія пры няправільнай утылізацыі могуць негатыўна паўплываць на навакольнае асяроддзе, а значыць, і на здароўе людзей. Напрыклад, у кампрэсарах халадзільнікаў утрымліваецца фрэон, шкодны газ для азонавага слою атмасферы планеты. Цяжкія металы ў кінескопах тэлевізараў, электрасхемы прыбораў, электраправодка, якая складаецца з гумы, пластыка і металаў, акісляюцца і атручваюць глебу і ваду. Таму задача кожнага жыхара планеты – не дапусціць такога шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пасля перапрацоўкі матэрыялы і элементы, з якіх складаецца старая бытавая тэхніка, стануць сыравінай для новых карысных вырабаў.

Круговорот_5

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *