19 студзеня – Дзень выратавальніка Рэспублікі Беларусь

rochs19 студзеня работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень выратавальніка Рэспублікі Беларусь

Прафесія выратавальніка лічыцца адной з самых небяспечных у свеце. Менавіта гэтыя людзі прыйдуць на дапамогу ў любой надзвычайнай сітуацыі, нават рызыкуючы сваім жыццём. Напярэдадні Дня выратавальніка пра сваю паўсядзённую нялёгкую працу расказалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Правялі сур`ёзную работу

— Мінулы год для калектыву нашага аддзела быў неадназначным. Хапала падзей як добрых, так і нават трагічных, — распавядае начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ. — На жаль, у 2016 годзе ў раёне адбыўся сур’ёзны скачок пажараў. Для параўнання, калі ў 2015 іх было 19, то ў мінулым годзе – 27. Між тым, хачу адзначыць, што праца па папярэджванні надзвычайных сітуацый праводзілася вельмі сур’ёзная.

Навучанне правілам бяспекі мы заўсёды пачынаем з самых маленькіх – дашкалят. Таксама вядзем і пастаянную адукацыйную работу са школьнікамі. У 2016 годзе выратавальнікі пабывалі на кожнай лінейцы, правялі вучэбныя эвакуацыі дзяцей у школах і дзіцячых садках, наведалі школьныя лагеры. Аднак і самім бацькам падчас трэба даводзіць элементарныя правілы. На працягу года мы правялі 54 бацькоўскія сходы.

дети

 

огнетушитель

Ні адзін Дзень інфармавання не абышоўся без удзелу прадстаўнікоў РАНС. Нашы супрацоўнікі выступалі на сельскіх сходах і ў працоўных калектывах. Каб удасканаліць свае навыкі, праводзілі тактыка-спецыяльныя вучэнні, на якіх адпрацоўваліся дзеянні выратавальнікаў у надзвычайных сітуацыях.

Безумоўна, неад’емнай часткай работы з’яўляецца правядзенне рэспубліканскіх і раённых акцый. Дарэчы, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Эдуард АТРАШКОЎ заняў сёмае месца ў вобласці ў конкурсе прапагандыстаў.

У гэтым годзе будзем старацца ўдасканальваць навыкі супрацоўнікаў і паляпшаць паказчыкі аддзела.  Працаваць будзем так, каб атрымліваць толькі станоўчыя вынікі.

З нагоды прафесійнага свята хачу пажадаць усім калегам здароўя, сямейнага дабрабыту, надзейнага тылу і, традыцыйна, сухіх рукавоў!

Маладое папаўненне

янковскийІнспектар пажарнага нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксандр ЯНКОЎСКІ прыйшоў служыць у РАНС па размеркаванні ў жніўні мінулага года. Малады чалавек гаворыць, што ўліўся ў калектыў даволі хутка, а калі ўзнікае неабходнасць – старэйшыя калегі заўсёды гатовыя дапамагчы яму добрай парадай. Як адзначае начальнік РАНС Віталь Воранаў, у маладога інспектара ёсць пэўны багаж тэарэтычных ведаў, а зараз ён набывае і неабходны практычны вопыт.

— Можна сказаць, што баявое хрышчэнне ў мяне ўжо адбылося – пяць разоў выязджаў на пажары, — распавядае Аляксандр Янкоўскі. — Старэйшыя калегі жартуюць, што ёсць такая прыкмета: прыйшоў новы супрацоўнік – чакай росту пажараў. Кажуць, што абавязкова трэба будзе ў прафесійнае свята – Дзень выратавальніка, якое супадае са святам Вадохрышча, — па ўжо ўсталяваным звычаі аддзела акунуцца ў купелі.

Малады інспектар прызнаецца: некалькі засмучае яго той факт, што дома пабываць удаецца вельмі рэдка (Аляксандр Янкоўскі родам з Магілёва). Аднак служба ёсць служба, і ён пакуль што робіць першыя крокі ў сваім прафесійным станаўленні. А вельмі значную дапамогу ў гэтым яму аказвае калега Ілья ЦІКУНОЎ.

Паднімаць планку вышэй

ильяІлья Цікуноў, нягледзячы на малады ўзрост, за шэсць гадоў сваёй службы паспеў пабываць на розных пасадах.

— Пачынаў прафесійны шлях інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю, — гаворыць Ілья Цікуноў. — Потым стаў інспектарам пажарнага нагляду і прафілактыкі. І вось з кастрычніка мінулага года мая пасада мае вельмі складаную назву – старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны.

Асноўныя абавязкі Ільі Цікунова зараз складаюцца з таго, што ён кантралюе работу ўсіх арганізацый раёна па напрамку папярэджвання надзвычайных сітуацый і ажыццяўляе метадычную дапамогу па гэтых пытаннях. Ён паспявае весці  і актыўнае грамадскае жыццё.

Ілья Уладзіміравіч з’яўляецца старшынёй пярвічнай арганізацыі БРСМ, сакратаром Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных і камандзірам маладзёжнай добраахвотнай дружыны “Навальніца”, стараецца ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах раёна, з’яўляецца членам ансамбля народнай музыкі і песні “Бялыніцкія музыкі”. Дарэчы, у 2016 годзе ён заняў 5 месца ў вобласці як лепшы актывіст БРСМ.

— Мне падабаецца тое, чым займаюся. Лічу, што любую справу трэба выконваць добра і заўсёды паднімаць прафесійную планку вышэй і вышэй.

Вопыт і прафесіяналізм

короленокВіктар КАРАЛЁНАК, вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, 16 год аддаў службе ў РАНС. За гэты час ён настолькі прызвычаіўся да працы, што асаблівых цяжкасцей з графікам і напружанасцю ў яго не ўзнікае. Канечне, бываюць выпадкі, калі пры нейкім здарэнні могуць выклікаць на працу і ў выхадны дзень, але ж заўсёды быць гатовым стала ўжо звычкай.

— Аднак не магу сказаць, што пажары для мяне сталі руцінай. Проста глядзіш на гэта ўжо іншым позіркам, як спецыяліст, і робіш усё ўсвядомлена.

Памятаю свой першы выезд на пажар. Здаецца, такога хвалявання ніколі больш не адчуваў. Таксама не забуду, як аднойчы тушылі пажар на працягу двух сутак – гарэў сенавал. На ім былі задзейнічаны ўсе пажарныя пасты раёна і нават падключаліся выратавальнікі з абласнога цэнтра. Гэта былі вельмі напружаныя два дні.

Як прызнаецца Віктар Сяргеевіч, яго прафесія ніколькі не перашкаджае паўсядзённаму жыццю. На любімую сям’ю, жонку і двух дзяцей, і на хобі – пчалярства – вольны час заўсёды знаходзіцца.

зарубскийУладзімір ЗАРУБСКІ, вадзіцель ПАВЧ №1, сваю службу нясе з 1996 года. Асаблівасць яго непасрэднай працы ў тым, што геаграфію выездаў складае ўвесь раён.

— За гэты час, здаецца, столькі пажараў патушылі, што і выдзеліць нічога асаблівага не магу, — гаворыць Уладзімір Яўгенавіч. – І ўсё ж такі, лічу, што кожны з іх – гэта трагедыя. Бо пакутуе чалавек у любым выпадку: страчвае маёмасць, дом, а ў самым страшэнным – блізкіх людзей. За 21 год працы, канечне, ужо навучыўся абстрагавацца і глядзець на ўсё выключна з пункту гледжання прафесіянала.

Дарэчы, малодшы сын Уладзіміра Зарубскага, Ягор, хаця яму яшчэ толькі споўнілася чатыры гады, упэўнена сцвярджае, што калі ён трошку падрасце, абавязкова будзе такім жа смелым выратавальнікам, як і яго бацька.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Фота аўтара і з архіва РАНС.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *