Плённае супрацоўніцтва

СВККалгасРадзімаі ПЛ № 17 яднаюць добрыя партнёрскія традыцыі.

І хоць машынна-трактарны парк СВК “Калгас “Радзіма” вельмі багаты на сучасную тэхніку і сельгасмашыны, у тым ліку і брэндавых замежных фірм, тут з вельмі трапяткім пачуццём адносяцца да ўсяго, што звязана з тэхнічным забеспячэннем сельгасвытворчасці ў мінулыя часы. Добры прыклад у гэтым калгаснікам падае і сам кіраўнік гаспадаркі. Менавіта па ініцыятыве Аляксандра ЛАПАЦЕНТАВА і пад яго пастаянным патранажам быў створаны і паспяхова развіваецца музей гісторыі  гэтага сельгаспрадпрыемства, аднаго з перадавых у краіне. Некалькі гадоў таму на машынным двары быў “узнесены” на высокі пастамент і шматгадовы руплівы працаўнік калгасных палёў і ферм – гусенічны трактар ДТ. Едучы ў Магілёў, звярніце ўвагу на гэты натуральны помнік працы, гаспадарлівасці, вясковай мінуўшчыны.

карчма 071

У гэтай ініцыятыве бачыцца падзяка і ўдзячнасць незаменнаму памочніку калгаснікаў, і зразумелая іхняя настальгія па незваротных ужо часах, і дзейсны выхаваўчы момант, і цудоўны элемент эстэтычнага ўпарадкавання вытворчай прасторы…

Папаўняецца калгасная калекцыя і макетамі гістарычнай ужо сельгастэхнікі і машын. Гэта з’яўляецца таксама адным з яскравых вынікаў плённага супрацоўніцтва СВК “Калгас “Радзіма” з ПЛ № 17.

Днямі выконваючы абавязкі дырэктара ліцэя Дзяніс СУРГАНАЎ перадаў Аляксандру Лапацентаву чарговы экспанат у тэхнічную калекцыю сельгаспрадпрыемства – макет зернеўборачнага камбайна айчыннай вытворчасці “Палессе 12-18”. А вырабіў яго з падручных матэрыялаў, як, да слова сказаць, і ўсе папярэднія, на замову Дзяніса Сурганава вядомы бялыніцкі ўмелец Алег БАРОДЗЬКА.

Макет “Палесся” зараз упрыгожвае службовы кабінет кіраўніка гаспадаркі, а потым атрымае сталую прапіску ў музеі гісторыі СВК “Калгас “Радзіма”.

Кажучы аб партнёрстве ПЛ № 17 і сельгаспрадпрыемства, неабходна адзначыць, што ліцэісты не толькі праходзяць у СВК “Калгас “Радзіма” вытворчую практыку, папаўняюць шэрагі механізатарскіх кадраў, але і кожнае лета працуюць тут у складзе студэнцкага будаўнічага атрада. Толькі летась яны на жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Саглассе пабудавалі тры памяшканні для гадоўлі цялятак. Вынікам руплівай працы ліцэістаў калгаснікі засталіся задаволеныя, і праўленне гаспадаркі ў знак сардэчнай падзякі арганізавала для іх цікавую  і змястоўную вандроўку па самых знакавых мясцінах Беларусі.

Да слова сказаць, абазначаны ўжо і планы партнёрства ПЛ № 17 з СВК “Калгас “Радзіма” на бягучы год. Абодва бакі ўпэўнены, што ўсё намечанае імі абавязкова будзе паспяхова рэалізавана.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *