Хто скраў сала?

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 9 па 15 студзеня на грамадзян былі складзены 17 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 10 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах,  4 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 4 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 76 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 2 нецвярозыя кіроўцы.

Узломшчык. У Эсьмонах мясцовы жыхар пракраўся ў дачны дом, выламаўшы дошку ў сцяне веранды. З домаўладання, якое належыць бялынічанцы, ён скраў электрычную плітку і тэлевізійную антэну. У дачыненні да ўзломшчыка распачата крымінальная справа.

Прэч! 12 студзеня а чацвёртай гадзіне раніцы ў аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанаваў жыхар Свяцілавічаў і расказаў, што яго каханая пачала скандаліць. На сужыцельку, якая гнала свайго мужчыну з кватэры і спрабавала выкінуць яго рэчы на вуліцу, праваахоўнікі склалі адміністрацыйны пратакол.

Смаката. У цяхцінца скралі 8 кілаграмаў сала. Як высветлілі праваахоўнікі, невядомы пранік у хлеў праз дах і прысвоіў каштоўны прадукт на суму каля  80 беларускіх рублёў. Праводзіцца праверка.

Раззлаваўся. Толькі міліцыянерам ўдалося супакоіць раззлаванага асаўчаніна. У стане алкагольнага ап’янення мужчына кідаўся на сваю сястру і біў посуд, за што і атрымаў адміністрацыйны пратакол.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *