Месяц таму каля вёскі Заазер’е адбылася заблытаная гісторыя: лесанарыхтоўшчыкі не падзялілі драўніну

Месяц таму каля вёскі Заазере адбылася заблытаная гісторыя: лесанарыхтоўшчыкі не падзялілі драўніну. Разбірацца ў няпростай справе прыйшлося не толькі спецыялістам землеўпарадкавальнай службы і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, але і супрацоўнікам РАУС.

Дырэктар прыватнага прадпрыемства “Палімер-прадукт” звярнуўся да міліцыянераў з заявай аб знікненні амаль 30 кубаметраў дзелавой драўніны. Падчас праверак праваахоўнікі высветлілі, што справа не ў крадзяжы, а ў парушэнні прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўстваў.

лясы

З кастрычніка рабочыя гэтага прадпрыемства пачалі нарыхтоўваць драўніну каля Заазер’я. Штабелі лесу яны складалі ўздоўж дарогі, на полі ААТ “Новая Друць”. Кіраўнік “Палімерпрадукта” нават і не ведаў, што, акрамя яго, гэтым самым “прамысловым складам” карыстаецца яшчэ адна арганізацыя.

Дырэктар і працаўнікі ТАА “Зямная імператрыца” не здагадваліся, што ў іх з’явіўся сусед. Больш за паўгода яны гаспадарылі на гэтым месцы і былі ўпэўненыя: уся драўніна тут належыць ім. Дзве шматтонныя машыны прадстаўнікі таварыства нагрузілі лесам “Палімерпрадукта” і адправілі на перапрацоўчы завод у Вейна і пілараму, што ў Чавусах.

Разабраўшыся ва ўсіх нюансах заблытанай справы, супрацоўнікі РАУС накіравалі матэрыялы ў землеўпарадкавальную службу і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дарэчы, дырэктары “Палімер-прадукта” і “Зямной імператрыцы” ведалі, што складзіраваць лесаматэрыялы на сельскагаспадарчых угоддзях нельга, але ж усё роўна адважыліся на правапарушэнне.

— Лесанарыхтоўшчыкі не прытрымліваліся тэхналагічнай карты, не сачылі за перавозкай драўні-ны, — гаворыць начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый СІМАНАЎ. – На кіраўнікоў прадпрыемстваў складзены адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 15.21 КаАП Рэспублікі Беларусь (“Парушэнне ўстаноўленага парадку выкарыстання лесасечнага фонду, нарыхтоўкі і вывазу драўніны, а таксама нарыхтоўкі жывіцы”), згодна якога штраф для фізічных асоб дасягае 30 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 10 да 100, для юрыдычных асоб пакаранне можа даходзіць да 500 базавых велічынь.

— Сваімі дзеяннямі яны парушылі і артыкул 23.41 КаАП Рэспублікі Беларусь (“Самавольнае заняцце зямельнага ўчастка”), які прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь для фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 100, а для юрыдычных асоб – ад 50 да 300, — дадае начальнік землеўпарадкавальнай службы раёна Наталля ЛЯЎКОВІЧ. – Матэрыялы справы накіраваны ў суд.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *