Вольніца прымала аматараў зімовай рыбалкі

У мінулую суботу на возеры ў вёсцы Вольніца прайшло спаборніцтва аматараў зімовай рыбалкі з ліку працаўнікоў ААТНовая Друць”.

Мерапрыемства праводзілася ўпершыню, і ў ім прынялі ўдзел 15 чалавек, сярод якіх былі як аматары, так і сапраўдныя прафесіяналы гэтай справы. Рыбакі спаборнічалі ў трох намінацыях: “Першая рыба”, “Самая вялікая рыба”, “Самы вялікі ўлоў”. Галоўным суддзёй спаборніцтваў стаў Мікалай РАМАНОВІЧ, які, дарэчы, сам з’яўляецца аматарам зімовай рыбалкі і адным з ініцыятараў яе правядзення.

– Надвор’е змяняецца і, мабыць, з-за гэтага рыба не хоча кляваць, – заўважыў электраманцёр таварыства Мікалай КАПЫЛОЎ. – Зімовая спартыўная рыбалка – гэта перш за ўсё азарт. Ён павінен заўсёды прысутнічаць у рыбака. А калі яго няма, то і на рыбалку ісці не варта.

Капылоў

Рыбнай лоўляй Мікалай Капылоў займаецца больш за 20 гадоў. Калі працаваў у Быхаве, таксама прымаў удзел у такіх спаборніцтвах і аднойчы заняў другое месца.

А на Вольніцкім возеры ў намінацыях “Першая рыба” і “Самы вялікі ўлоў” перамог Валерый ГАРЭЛЬКА.

– Рыбалка – гэта маё сапраўднае захапленне. Лічу, такія спаборніцтвы трэба праводзіць кожны год. І не толькі зімой, але і летам, – падзяліўся ён сваімі ўражаннямі.

Гарэлька

У намінацыі “Самая вялікая рыба” перамогу святкаваў Сяргей КАЗЛОЎСКІ.

– Зімовай рыбалкай пачаў займацца зусім нядаўна. Усе кажуць, што гэта вельмі цікава, таму вырашыў паспрабаваць. Вельмі рады свайму поспеху, – распавёў пераможца.

Рамановіч

Трэба адзначыць, што самаму малодшаму з рыбакоў, Івану ВОСІПАВУ, усяго 13 гадоў.

Восіпаў

Дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ павіншаваў пераможцаў і ўручыў ім падарункі. Таксама ён пажадаў поспехаў у будучым і іншым удзельнікам спаборніцтваў. Анатоль Уладзіміравіч выказаў падзяку за ўвагу да гэтага мерапрыемства старасце вёскі Вольніца Юрыю МІХАЙЛАВУ.

Удзельнікі

– Для нас гэта першы вопыт правядзення спаборніцтва па зімовай рыбалцы. Аднак лічу, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей, бо яны не толькі яднаюць калектыў, але дазваляюць лепей пазнаць адзін аднаго, – падзяліўся сваім меркаваннем Анатоль Драздоў.

Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы змог паспрабаваць юшку і сагрэцца гарачым чаем.

Аляксей РАГУЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *