І карысна, і прыгожа

Кошыкі для спецый і часнаку, ключоў і рознай дробязі, абажур для лямпы і іншыя  прадметы хатняга побыту і інтэреру  заўсёды спатрэбяцца любой гаспадыні. Зразумела, іх нескладана купіць, але значна цікавей зрабіць сваімі рукамі. Менавіта гэтым і займаецца ў вольны час жыхарка аграгарадка Вялікая Машчаніца Таццяна КАРЭЛІНА – вырабляе розныя карысныя і прыгожыя рэчы з папяровых трубачак.

кар

Таццяна Леанідаўна расказвае, што даўно марыла асвоіць лозапляценне. Але ёй, на той час гарадской жыхарцы, гэты занятак здаваўся вельмі клопатным, бо трэба было недзе раздабыць прыдатныя пруткі, апрацаваць іх… Іншая справа – папера, яна заўсёды пад рукой: парэзала яе на палоскі, скруціла трубачкі, пафарбавала, спляла, прамазала клеем ПВА для трываласці. Некалькі доўгіх зімовых вечароў – і неабходная рэч гатова.

Першым яе вырабам стала невялічкая лялька-абярэг на калядныя матывы – каза і васьміканцовая зорка, а апошнім на дадзены момант – вялікі абажур для лямпачкі на столь.

Таццяна Карэліна, як чалавек з творчай іскрынкай, з інтарэсам  асвойвае розныя накірункі дзейнасці. Яна пляла з саломкі і вышывала, а нядаўна нават справілася з выпрацоўкай скур, якія дасталіся ад двух козлікаў, вырашчаных на ўласным падворку. У выніку атрымаліся добрыя футровыя дыванкі на кухонныя стулы.

– Я нарадзілася і вырасла ў Бялынічах, – расказвае жанчына. – Пасля заканчэння школы адвучылася на закройшчыцу, працавала ў Віцебску на розных швейных прадпрыемствах. Але заўсёды хацела жыць ва ўласным доме, быць бліжэй да прыроды. Ужо чатыры гады, як сям’я асела ў Вялікай Машчаніцы. Разам з мужам Аляксеем робім капітальны рамонт дома, даглядаем вялікую падсобную гаспадарку: коз, свіней, курэй, трусоў. Улетку шмат увагі ўдзяляю кветкам.

А пакуль Таццяна Леанідаўна выношвае шмат іншых творчых планаў і, здаецца, любая справа падуладная яе ўмелым рукам.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *