Паводзь сябе прыстойна!

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 16 па 22 студзеня на грамадзян былі складзены 35 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 29 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах, 4 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 2 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 110 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 1 нецвярозы кіроўца.

Недагледжаны. Дыспетчар ААТ “ПМК-83 “Вадбуд” дапусціў да ўдзелу ў дарожным руху аўтамабіль таварыства, які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны    агляд. Вінаваты прыцягнуты да адміністрацыйнай  адказнасці.

Замяло. Службовая асоба ДРБУ-170, адказная за эксплуатацыю дарог у зімовы перыяд, не паклапацілася пра своечасовую ачыстку праезнай часткі ад снегу. А вось працаўнік ДЭУ-74 пры правядзенні дарожных работ не выставіў адпаведныя знакі. У адносінах да вінаватых складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Стамілася. У панядзелак, 16 студзеня, а дзевятнаццатай гадзіне ў аператыўную дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што каля магазіна ў вёсцы Масцішча ляжыць п’яная жанчына. На даму, якая стамілася пасля некалькіх чарак спіртнога, складзены адміністрацыйны пратакол.

Былы. Жыхар вёскі Ізобішча, “адпачываючы” з бутэлькай алкаголю, вырашыў патэлефанаваць былой жонцы. Прыемнай размовы не атрымалася: мужчына не падбіраў выразаў і пагражаў фізічнай расправай. У ходзе разбіральніцтва высветлілася, што вось ужо 8 гадоў ён не плаціць аліменты. За дрэнныя паводзіны жыхара Ізобішча “ўзнагародзілі” двума пратаколамі.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *