Сур’ёзная пагроза

Снег, які збіраецца на дахах будынкаў, пры павышэнні тэмпературы пачынае раставаць. Гэта вядзе да з’яўлення ледзяшоў, якія могуць стаць прычынай траўмы і нават гібелі чалавека.

16 студзеня вучань 6 класа адной з гімназій сталіцы быў траўміраваны ледзяшом, які зваліўся з даху. Школьніка даставілі ў бальніцу. На шчасце, траўма аказалася несур’ёзнай. Пасля накладання швоў хлопчыка адпусцілі дадому.

Супрацоўнікі РАНС заўсёды трымаюць на кантролі магчымасць такіх выпадкаў: праводзяць рэйды па населеных пунктах раёна і аглядаюць будынкі, збудаванні і шматкватэрныя дамы.

Падчас апошняга рэйду па райцэнтры стан дахаў не выклікаў асаблівых нараканняў.

— Тэмпература ў апошні час хістаецца ад маразоў да адлігі, і існуе рызыка няшчаснага выпадку. У горадзе зоны, якія лічацца небяспечнымі, абгароджаны, — адзначае інспектар ГПіУГ РАНС Эдуард АТРАШКОЎ. — Занадта вялікіх ледзяшоў у месцах, дзе ходзяць людзі і дзе гэта можа быць небяспечна, няма. Тым не менш, хочацца нагадаць, што ўсе суб’екты гаспадарання, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый у адпаведнасці з п.4.5 ТКП 45-1.04.14-2005 “Тэхнічная эксплуатацыя жылых і грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Парадак правядзення”, абавязаны ачышчаць дахі ад снегу, не дапускаць утварэння снежнага покрыва таўшчынёй больш за 30 см, абгароджваць небяспечныя зоны і вывешваць папераджальныя аншлагі.

Жыхарам раёна прапануем звяртаць увагу на дахі будынкаў, побач з якімі вы праходзіце. А калі ўбачылі вялікія масівы снегу або ледзяшоў, паведаміце аб гэтым камунальнай службе ці адміністрацыі арганізацыі, якой належыць гэты будынак.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *